Logo Polskiego Radia
Print

Іпатэчная небясьпека

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 12.06.2013 14:46
Кватэры таньнеюць і каштуюць менш, чым складае сума крэдыту.

/


Як мінімум 240 тыс. польскіх сем’яў жывуць у кватэрах, якія каштуюць менш, чым складае сума іх крэдытаў. Летась банкі залічылі да страт нявыплачаныя 34 тыс. іпатэчныx крэдытаў, якіх пазычальнікі ня ў стане пагасіць піша „Gazeta Wyborcza”.

/


Напрыканцы мінулага тыдня польская дзяржаўная Камісія фінансавага нагляду апублікавала даклад аб сытуацыі ў банках, і ўскосна таксама іx кліентаў. Банкі летась прынесьлі рэкордны прыбытак звыш 15 млрд. злотых, але сёлета ў іх ўпалі маржы (у выніку скарачэньня афіцыйных працэнтных ставак) і пачала павялічвацца доля крэдытаў, якіх даўжнікі не выплочваюць.

У агульнай складанасьці пад канец мінулага года банкі занесьлі ў страты крэдыты на суму 72,4 млрд. злотых – гэта 7,7 адсотка ад агульнай іх колькасьці. З гэтай астранамічнай лічбы ажно 40 млрд. злотых складаюць крэдыты, нязгашаныя польскімі сям’ямі (астатнія – гэта крэдыты, атрыманыя прадпрыемствамі).

Большасьць пратэрмінаванай запазычанасьці (звыш 20 млрд. злотых) складаюць спажывецкія крэдыты: растэрміноўкі на пральную машыну або тэлевізар, а таксама крэдытныя карткі. Аднак банкаўскі нагляд турбуе, здавалася б, бясьпечная частка балянсаў банкаў – іпатэчныя крэдыты, палова зь якіх прадастаўленая ў замежнай валюце.

Асноўная праблема палягае ў тым, што нерухомасьці ў Польшчы вельмі моцна патаньнелі. Калі кліент перастае выплочваць крэдыт, банк займае ягоную кватэру й прадае. Але пры сёньняшняй сытуацыі на рынку сумы крэдытаў значна перавышаюць вартасьць нерухомасьці, а гэта значыць, што калі банк прадасьць занятую кватэру, то ён і так ня верне сваіх грошай, пазычаных пад іпатэку. Кліент застаецца без кватэры і зь вялікім даўгом у банку.

Такія сытуацыі ўзьнікаюць, у першую чаргу, з-за зьніжэньня кошту жыльля і павелічэньня кошту швэйцарскага франка, які ў 2007-2009 г.г. быў найбольш папулярнай крэдытнай валютай у Польшчы. У 2007 годзе палякі бралі пазыкі па кошце 2 злотыя за 1 франк, а цяпер выплочваюць крэдыты па цане 3,50 злотых за 1 франк.

У Польшчы, на шчасьце, высяленьні за даўгі – гэта вялікая рэдкасьць, але, напрыклад, у Гішпаніі ў мінулым годзе былі выселеныя 39 тыс. сям’яў (ня толькі за нявыплату банкаўскіх крэдытаў, а і за запазычанасьць, напрыклад, па квартплаце). Там, у некаторых рэгіёнах нават кожны пяты іпатэчны крэдыт ня быў згашаны ў тэрмін. На шчасьце, Польшчы такі сцэнар не пагражае.

Камісія фінансавага нагляду адзначае ў дакладзе, што амаль чвэрць мільёна іпатэчных пазычальнікаў маюць вельмі напружаны сямейны бюджэт, у якіх доўг паглынае палову даходу. Гэта ў сваю чаргу азначае, што яны ня ў стане ашчаджаць грошы. У выпадку маладыx сем’яў гэта можа азначаць, што яны так і будуць жыць ад зарплаты за зарплаты, бо калі ў іх народзяцца дзеці, то кошт жыцьця будзе толькі расьці. Адсутнасьць зьберажэньняў на рахунку Камісія банкаўскага нагляду называе фінансавай блізарукасьцю.

Што ж можа нас выратаваць ад іпатэчных непрыемнасьцяў? Трэба старацца, па-першае, больш зарабляць, па-другое, адкладваць зьберажэньні і, па-трэцяе, маліцца, каб зьменшыўся курс франка.

wyborcza.pl /эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт