„Rzeczpospolita”: Ці быў замах на Польскі дом?
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
21.02.2013 12:49
У 2011 годзе нехта спрабаваў зладзіць выбух каля Польскага дому ў Лідзе.
Выбухоўка была падобнай да выкарыстанай бомбы падчас выбуху ў менскім мэтро.
Ноччу з 10 на 11 сьнежня 2011 году вартаўніца заўважыла яскравую ўспышку каля будынка прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі. Пасьля прыезду міліцыі аказалася, што крыніцаю ўспышкі зьяўляецца выбуховае прыстасаваньне хатняга вырабу, якое, на шчасьце, ня выбухнула. Бомбу й сьцены будынка аблілі фарбаю.
Па факце была ўзбуджана крымінальная справа па артыкулах хуліганства й пашкоджаньне маёмасьці. У сувязі з тым, што не ўдалося знайсьці злачынцаў, справу зачынілі, а выбухоўку накіравалі на экспэртызу.
Вынік экспэртызы прымусіў Сьледчы камітэт Беларусі пачаць у лістападзе мінулага году новае сьледзтва. Гэтым разам па артыкуле наяўнасьці й вытворчасьці выбуховых рэчываў. У бомбе былі знойдзеныя тыя ж самыя рэчывы, як падчас выбуху ў менскім мэтро. Сьледчыя пакуль не пацьвярджаюць, што ў Лідзе адбылася спроба тэрарыстычнага замаху, паколькі невядомыя ні злачынцы, ні іх матывы.
“Пра тое, што адбыўся акт вандалізму з выкарыстаньнем фарбы, я чуў”, - расказвае дзеяч польскай меншасьці ў Лідзе Аляксандар Сямёнаў. Мужчына падкрэсьлівае, што ў горадзе справа ня мела розгаласу. “Можа таму, што Польскі дом стаў сядзібаю розных фірмаў і амаль не атаесамляецца зь дзейнасьцю мясцовых палякаў?” – задумоўваецца Сямёнаў.
Польскі дом перастаў функцыянаваць як цэнтар польскасьці ў Лідзе пасьля сьмерці шматгадовай старшыні мясцовага аддзелу СПБ і дырэктаркі дому Ізабэлы Тыркін. Ёй быў забаронены ўезд у Польшчу за тое, што пасьля разлому Саюза ў 2005 годзе яна засталася на баку ўлады.
ав