Logo Polskiego Radia
Print

Няма свабоды

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.01.2013 17:57
Беларусь у адной кампаніі з Чадам, Кітаем ды Паўднёвай Асэтыяй.

/

Freedom House – арганізацыя, якая займаецца маніторынгам правоў чалавека на сьвеце, падрыхтавала рапарт пра парушэньні правоў і свабодаў у розных краінах у 2012 годзе. Сярод 195 краін, якія ўвайшлі ў сьпіс, 90 былі свабодныя, у 27-мі краінах назіралася пагаршэньне сытуацыі, а ў 16 – паляпшэньне. Беларусь увайшла ў лік несвабодных дзяржаў.

З 47 краін, названых несвабоднымі, 9 атрымалі самы нізкі рэйтынг як паводле палітычных правоў, так і грамадзянскіх свабодаў. Іншыя 5 краін былі ацэненыя з вынікам, крыху лепшым, чым найгоршы. Гэта: Беларусь, Чад, Кітай, Куба, Лаос і Паўднёвая Асэтыя. У сваю чаргу, у Расеі сытуацыя значна пагоршылася пасьля вяртаньня да ўлады Ўладзіміра Пуціна. Расея, як і Беларусь – несвабодная краіна, Украіна – часткова свабодная, а іншыя суседзі Беларусі – Летува, Латвія й Польшча – свабодныя дзяржавы. Беларусь мае ацэнку 7 (найгоршую) паводле палітычных правоў і 6 – паводле грамадзянскіх свабодаў.

Рэжым як парушаў палітычныя свабоды людзей, так і парушае. Гэта датычыць праваабаронцаў, апазыцыянераў, незалежных журналістаў. Але інфармацыя пра парушэньне палітычных свабодаў вельмі хутка трапляе ў незалежныя СМІ. Таму атрымліваецца большы розгалас падчас парушэньняў палітычных свабодаў, але й іншыя правы ў Беларусі таксама парушаюцца ня менш, чым палітычныя, - мяркуе праваабаронца Раман Юргель.

Р. Юргель: Тыя ж самыя міліцыянты, што складаюць і фабрыкуюць палітычныя справы, працуюць з іншымі катэгорыямі грамадзян. Парушэньне свабодаў немажліва нідзе абскардзіць, гэта замкнутае кола. Зьвяртаешся ў вышэйшыя інстанцыі – атрымліваеш адмоўныя адказы, адпіскі. Такая палітыка дзяржавы ўжо 18 гадоў, гэта робіцца як самім Лукашэнкам, так і яго акружэньнем, каб захаваць свой дабрабыт. А шмат актыўных людзей зьехала зь Беларусі.

А яшчэ больш людзей хацела бы зьехаць з краіны, паколькі ня бачаць у ёй магчымасьці працаваць і разьвівацца. Іншыя прыстасоўваюцца й стараюцца нармальна жыць.

Беларускія ўлады зусім не зважаюць на правы й свабоды чалавека, незалежна ад таго, ці гэта палітычныя, ці грамадзянскія правы, - мяркуе сустаршыня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі. Тое, што ў мінулым годзе на свабоду выйшла некалькі палітычных вязьняў, ня сьведчыць пра паляпшэньне сытуацыі.

В. Рымашэўскі: Сытуацыя жахлівая. Што такое правы чалавека, беларускія ўлады проста ня ведаюць. Нязначная розьніца ў палітычных ды грамадзянскіх правах не адыгрывае істотнай ролі. Цалкам магчыма, што ў нас зьявяцца два новыя палітвязьні. Калі ўзяць любую сфэру жыцьця беларускага грамадзтва, то ніякіх паляпшэньняў, зрухаў на лепшае няма. Вызваленьне некаторых палітвязьняў на пачатку году нельга назваць прасоўваньнем. Пасьля якіх выпрабаваньняў іх вызвалілі, і гэта хутчэй вынік міжнароднага ціску, чым паляпшэньня сытуацыі ўнутры краіны.

Крыху іншыя назіраньні ў праваабаронцы з Гомеля Леаніда Судаленкі. Ён адзначае, што ў 2011 годзе шмат праваабаронцаў былі зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня за сваю дзейнасьць, а ў мінулым годзе ніводзін актывіст з яго раёна ня быў пасаджаны ў турму за палітычную й грамадзянскую актыўнасьць.

Л. Судаленка: Падчас кампаніі па выбарах прэзыдэнта правы й свабоды нашых грамадзян парушаюцца часьцей, чым, напрыклад, пры правядзеньні парлямэнцкіх выбараў у верасьні 2012 году. За ўвесь мінулы год у Гомельскай вобласьці былі толькі тры выпадкі прыцягненьня актывістаў да адміністрацыйнай адказнасьці за рэалізацыю імі палітычных і грамадзянскіх правоў. Калі ў 2011-ым гомельскія актывісты адсядзелі 187 сутак, то ў 2012 годзе не было аніводнага выпадку, калі б актывісты зьмяшчаліся ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Freedom House заклікае дэмакратычныя краіны больш актыўна змагацца за свабоду на сьвеце. Дакумэнт асабліва крытыкуе Злучаныя Штаты Амэрыкі, сканцэнтраваныя на ўнутранай сытуацыі, што яны не жадаюць узяць на сябе такое лідарства. Гэта датычыць як адміністрацыі Абамы, так і апазыцыі. “Там, дзе дэмакратычныя краіны адмаўляюцца ад барацьбы, вынік, як правіла – гэта параза свабоды”, - заявіў кіраўнік Freedom House Дэйвід Крэймэр.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт