Logo Polskiego Radia
Print

Місія ў Малі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.01.2013 14:18
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, да гэтага часу 8 краін згадзілася далучыцца да апэрацыі.
Mali na mapie świata, google.com/maps

Усё больш краін згаджаецца далучыцца да апэрацыі ў афрыканскай дзяржаве Малі. Рада бясьпекі ААН згадзілася распачаць умяшальніцтва на поўначы гэтай краіны, захопленай эстрэмістамі з групоўкі “Ансар ад-Дын” у саюзе з Аль-Каідай. Такая апэрацыя магла б пачацца яшчэ ў першым паўгодзьдзі гэтага году або восеньню, а перад гэтым важна падрыхтаваць жаўнераў малійскай арміі. Магчыма, у місіі возьме ўдзел таксама Польшча, хаця не абавязкова ў ваенных дзеяньнях.

Вайна ў Малі пачалася год таму з паўстаньня туарэгаў, якія жывуць на поўначы краіны, супраць кіруючых дзяржавай групаў з поўдня. Туарэгі хацелі атрымаць аўтаномію. Але, на думку экспэрта з Польскага інстытуту міжнародных справаў Кацпэра Рэнкавэка, яны ня ў стане стварыць уласную дзяржаву, паколькі супраць гэтага выступілі б суседнія краіны. У барацьбу ўключыліся ісламскія фундамэнталісты, якія стварылі на поўначы Малі ісламскую квазі-дзяржаву.

Разьвіцьцём сытуацыі ў Малі вельмі занепакоеная Францыя, у якой ня раз узьнікалі праблемы з мусульманскім тэрарызмам. Таму яна пачала на мінулым тыдні ваенную апэрацыю ў Малі, каб спыніць прасоўваньне баявікоў у напрамку сталіцы краіны. Францыя таксама выступае за міжнароднае ўзброенае ўмяшальніцітва ў Малі, але, на думку Рэнкавэка, гэта будзе складаная апэрацыя, паколькі ісламісты добра ўзброеныя й падрыхтаваныя.

К. Рэнкавэк: У іх багата абсталяваньня. Ісламісты добра падрыхтаваныя. Нельга забываць, што гэта арганізацыі ды людзі, якія займаюцца гэтым, так сказаць, “бізнэсам”, ужо каля 20 гадоў. Яны дасканала ведаюць тэрыторыю, ведаюць сваё рамясло, ведаюць, куды схавацца. І з гэтай праблемай прыходзіцца змагацца Францыі.

Сытуацыя ў Малі павышае небясьпеку тэрарыстычных атакаў у самой Францыі, якая й так ужо высокая. Францускія жаўнеры ахоўваюць таксама 6 тысяч французаў, якія пражываюць у самой Малі.

Паводле словаў Кацпэра Рэнкавэка, Польшча таксама магла б далучыцца да ваеннай апэрацыі ў Малі. Праўда, гэта не абавязкова павінны быць вайсковыя дзеяньні, паколькі перш за ўсё неабходна падрыхтаваць да змаганьняў армію самой афрыканскай дзяржавы. Польшча магла б далучыцца да правядзеньня такой падрыхтоўкі, калі б зьвярнулася да яе з просьбаю ААН альбо НАТО. Меркаваньнем Рэнкавэка, для Польшчы гэта было б карысна, магло б ёй прынесьці прыхільнасьць Францыі на эўрапейскім форуме.

К. Рэнкавэк: Дзякуючы таму, што мы дапаможам Францыі на гэтым афрыканскім фронце, можам чагосьці патрабаваць на эўрапейскім форуме, напрыклад, у рамках Ваймарскага трохкутніка. Так што неабходна задумацца, ці ўдзел нашых жаўнераў дасьць нам нейкія дывідэнды. Але пакуль што нельга казаць пра ўзброенае ўмяшальніцтва, пра нейкія змаганьні. Спачатку неабходна падрыхтаваць малійскую армію, якая проста ўцякла. Цяпер яна павінна перастаць уцякаць.

Місія Эўрапейскага Зьвязу па падрыхтоўцы войскаў Малі магла б пачацца ўжо неўзабаве – у лютым або сакавіку. ЭЗ паскорыў падрыхтоўку да апэрацыі ў сувязі з умяшальніцтвам Францыі ў барацьбу супраць ісламістаў. Эўрапейцы павінны падрыхтаваць жаўнераў дзяржавы, як змагацца з талібамі. Гэта ня будзе мілітарная місія, падкрэсьліў прэс-сакратар Эўрапейскай Камісіі Майкл Ман.

М. Ман: Ёсьць поле дзейнасьці, на якім можа быць актыўны Эўрапейскі Зьвяз. Ён можа ангажавацца, напрыклад, у місію па падрыхтоўцы жаўнераў з арміі Малі. Эўрапейскі Зьвяз стараецца паскорыць, па меры магчымасьці, падрыхтоўку да гэтай місіі ў сувязі з ваеннай апэрацыяй у Малі супраць ісламістаў. Эўрапейцы могуць быць дарадцамі ўрадавых сілаў гэтай краіны, падрыхтаваць іх да барацьбы з талібамі. Мы прапануем экспэртаў і ваенную падрыхтоўку, каб такім чынам дасягнуць мір і стабільнасьць у Малі.

Некалькі месяцаў таму краіны Эўрапейскага Зьвязу прынялі рашэньне, што ў місіі возьме ўдзел 250 афіцэраў высокага рангу, а таксама 150 чалавек мэдычнага пэрсаналу. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, да гэтага часу 8 краін згадзілася далучыцца да гэтай апэрацыі – Францыя, Нямеччына, Італія, Гішпанія, Швэцыя, Эстонія, Славэнія ды Бэльгія. Плянуецца, што місія будзе працягвацца 15 месяцаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт