Logo Polskiego Radia
Print

20 гадоў Польскай гуманітарнай акцыі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 27.12.2012 14:59
  • 20 гадоў Польскай гуманітарнай акцыі.mp3
26 сьнежня 1992 году ў Сараева быў адпраўлены першы груз з дарамі для жыхароў акружанага гораду.

/

Гэта была першая, спантанная гуманітарная місія палякаў. Місія дала пачатак арганізацыі, якая атрымала назву Польская гуманітарная акцыя. Сёлета яна сьвяткуе 20 гадоў свайго існаваньня.

“Нашая місія – зрабіць сьвет лепшым, зьмяншаючы пакуты й папулярызуючы гуманітарныя кашоўнасьці. (...) Праца кожнага з нас прычыняецца да ратаваньня жыцьця людзей. Гэта абавязвае нас разьвівацца й павышаць якасьць нашай дапамогі” – чытаем на старонцы Польскай гуманітарнай акцыі.

Цягам 20 гадоў арганізацыя дапамагла людзям у 44 краінах сьвету. А вось першая акцыя дапамогі была зладжана 26 сьнежня 1992 году, калі ў Сараева быў адпраўлены першы груз з дарамі для жыхароў акружанага гораду.

Тагачасны ваенны карэспандэнт Польскага радыё Томаш Кавальчэўскі ўзгадвае, што людзі вельмі спантанна адказалі на заклік, які прагучаў на антэне Трэцяй праграмы Польскага радыё – Труйкі. Падрыхтоўка дапамогі заняла два месяца. Як кажа журналіст, момант адпраўкі дароў у дарогу быў вялікай падзеяй.

Т. Кавальчэўскі: Гэта было 12 грузавых машын. Людзі былі гатовыя да складаных умоваў язды, бо была зіма. Я ведаў, што нас там чакае, ведала гэта й арганізатарка Яніна Ахойска, але ўсе ехалі ў той рэгіён упершыню. Мы везьлі прадукты харчаваньня, вопратку, коўдры. Мы напэўна ведаем, што гэтая дапамога трапіла да патрабуючых. У прынцыпе, у той час у Сараеве ўсім была патрэбная дапамога, бо там не было нічога.

Як узгадвае Томаш Кавальчэўскі, людзі зь іншых краін, якія сустракаліся па дарозе, былі вельмі зьдзіўленыя, што палякі арганізавалі дапамогу жыхарам Сараева.

Т. Кавальчэўскі: Калі спачатку ў Славэніі, а потым і ў Харватыі мы сустракалі канвоі з Францыі, Бэльгіі, Італіі, Швайцарыі, то гэтыя людзі, пабачыўшы нашую калёну з 12 фураў, нам апладыравалі. Людзі, якія яшчэ 10 гадоў таму падчас ваеннага становішча прывозілі гуманітарную дапамогу нам, зьдзіўляліся, што цягам такога каротага часу мы самыя зь вялікай радасьцю й жаданьнем хочам дапамагаць іншым.

Ініцыятарка цэлай акцыі й старшыня арганізацыі Яніна Ахойска кажа, што ў той час такая дапамога была найбольш сэнсоўнай. Аднак цягам 20 гадоў праца Польскай гуманітарнай акцыі вельмі памянялася. Арганізацыя надалей ладзіць аднаразовыя кампаніі, якія служаць ратаваньню жыцьця пацярпелым ад войнаў і прыродных катаклізмаў. Аднак найважнейшай зьяўляецца сыстэмная дапамога.

Я. Ахойска: Інакш працуецца, калі мы будуем сталыя перамены ў грамадзтве, якое закранулі катастрофы ці галеча. Мы верым, што калі мы дамо нешта, што дапаможа гэтым людзям разьвівацца, то гэта найбольш сэнсоўная рэч, паколькі людзей нельга ўзалежніваць ад гуманітарнай дапамогі. Менавіта таму мы будуем калодзежы, дзякуючы якім можна арашаць землі й вырошчваць плёны. Менавіта таму мы будуем школы, паколькі адукацыя зьяўляецца рухавіком разьвіцьця.

Старшыня арганізацыі адзначае, што вялікай радасьцю зьяўляецца назіраньне за эфэктамі працы, напрыклад, калодзежы ў Паўднёвым Судане і ў Самалі, ці адукацыйныя праграмы ў Афганістане. Яніна Ахойска кажа, што гэта таксама асабістае задавальненьне.

Я. Ахойска: Польская гуманітарная акцыя – гэта маё жыцьцё. Калі мяне пытаюцца, што я раблю акрамя гэтага, то аказваецца, што амаль нічога. Я амаль безупынна думаю, адкуль узяць грошы на харчаваньне дзяцей у Магадзішу, дзе ёсьць агромная патрэба. Дзе ўзяць грошы на чарговыя калодзежы ў Самалі? Як знайсьці сродкі на далейшае разьвіцьцё нашых праграм у Сэктары Газа? Грошы няма адкуль узяць, ніхто Сэктарам Газа не цікавіцца, а людзям там патрэбная дапамога. Гэта маё жыцьцё й маё шчасьце.

Цягам 20 гадоў Польская гуманітарная акцыя запэўніла доступ да вады больш за 500 тысячам чалавек; паўтара мільёна чалавек атрымала доступ да належных санітарных умоваў.

Арганізацыя аплаціла больш за 10 мільёнаў абедаў для дзяцей у Польшчы; аказала харчовую дапамогу дзясяткам тысяч дзяцей, цяжарных жанчын і маці ў Паўднёвым Судане й Самалі.

Акрамя гэтага, Польская гуманітарная акцыя дала магчымасьць атрымліваць адукацыю ўжо больш за 25 тысячам вучняў і дапамагла 17 тысячам уцекачоў, якія жывуць у Польшчы.

Усё гэта можна было рэалізаваць дзякуючы выключна ахвяраваньням індывідуальных людзей і фірмаў, якія гадамі падтрымліваюць дзейнасьць Польскай гуманітарнай акцыі.

Асноўны прынцып Польскай гуманітарнай акцыі заключаецца ў тым, каб іх дапамога была эфэктыўнай і адбывалася з пашанаю годнасьці чалавека. Арганізацыя актыўна запрашае да ўдзелу ў сваіх акцыях мясцовых жыхароў, каб як мага хутчэй зрабіць іх незалежнымі ад вонкавай дапамогі. Польская гуманітарная акцыя імкнецца да таго, каб запэўніць доўгатэрміновае й стабільнае разьвіцьцё рэгіёну, да жыхароў якога накіраваная дапамога.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт