Logo Polskiego Radia
Print

Не забывайма пра бедных

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.11.2012 16:18
  • 27.11-bieda.mp3
Бедны чалавек той, хто ня можа заспакоіць элемэнтарных патрэбаў на адпаведным узроўні.
glowimages

29 лістапада адзначаецца Дзень салідарнасьці зь людзьмі ў галечы. Каля двух мільёнаў палякаў жыве ў крайняй беднаце, а прыкладна пяць мільёнаў змагаецца зь цяжкімі ўмовамі жыцьця. Такія дадзеныя статыстыкі, але, меркаваньнем адмыслоўцаў, цяжка паставіць адназначную мяжу паміж нястачай і дабрабытам. Гэта залежыць ад агульнага ўзроўню жыцьця ў дадзенай дзяржаве.

Прафэсар Томаш Панэк зьяўляецца адным з аўтараў рапарту “Грамадзкі дыягназ” пра ўмовы пражываньня людзей у Польшчы. Ён тлумачыць, што бедны чалавек – гэта той, хто ня можа заспакоіць элемэнтарных патрэбаў на адпаведным узроўні. Але зьмяняецца акрэсьленьне гэтых патрэбаў. На сёньняшні дзень лічыцца, што ў Польшчы мінімальны даход, які дае магчымасьць нармальна жыць, гэта каля 400 злотых у месяц – прыкладна 130 даляраў.

Прафэсар Панэк адзначае, што сацыяльная палітыка павінна засяроджвацца перш за ўсё на людзях, якія здаўна ўбогія. Апошнімі гадамі колькасьць такіх бедных паступова падала, але гэтая тэндэнцыя затрымалася.

Т. Панэк: Памер галечы значна звужаўся ў апошнім часе. Але ў апошнія два гады бедных не становіцца менш. Так што эканамічны крызыс нэгатыўна паўплываў на ўзровень заможнасьці польскіх сем’яў. У адносна добрай сытуацыі знаходзяцца пэнсіянэры. Іх узровень даходаў пастаянна расьце, нават у часы эканамічнага застою. Пэнсіі растуць у сувязі з інфляцыяй, ростам зарплатаў ды іншымі паказчыкамі.

У Польшчы ўсё больш людзей карыстаецца дапамогай розных дабрачынных арганізацый. Дырэктар варшаўскага банку харчаваньня СОС, Магдалена Краеўска кажа, што павялічваецца колькасьць асобаў, якія прыходзяць да іх, каб атрымаць бясплатнае харчаваньне.

М. Краеўска: Прыходзіць усё больш людзей, якія працуюць, не змагаюцца зь нейкай паталёгіяй ці хранічнай хваробай, але ім не хапае сродкаў нават на рэчы першай неабходнасьці. Ім не хапае нават на харчаваньне, калі заплацяць усе неабходныя аплаты. Сярод гэтых людзей многа шматдзетных сем’яў. Чым больш дзяцей, тым цяжэй, нават калі бацькі працуюць. Часам заробкі проста настолькі нізкія, што бацькі ня могуць даць дзецям нармальны быт. Сытуацыя вельмі пагаршаецца, калі хтосьці з чальцоў сям’і захварэе. Тады можа быць перакрочана мяжа, за якой немагчыма забясьпечыць нават элемэнтарныя патрэбы.

У рапарце Эўрапейскай камісіі Польшча ды Гішпанія прадстаўленыя ў якасьці дзяржаваў, дзе практычна няма сыстэмы падтрымкі працаўнікоў, якія зарабляюць вельмі мала. Таму многія людзі, нават працуючы, становяцца ўбогімі, асабліва калі маюць даўгі. З гэтага стану, без падтрымкі сваякоў, вельмі цяжка вырвацца.

Галеча – гэта суб’ектыўнае паняцьце. Зусім інакш яна акрэсьліваецца ў самых багатых ды самых бедных краінах сьвету. Той, хто ў Амэрыцы лічыць сябе бедным, у Беларусі, магчыма, жыў бы на добрым узроўні, - адзначае Яраслаў Раманчук, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія”. Дзяржава робіць шмат, каб не было галечы, але да эканамічнага ўзроўню заходніх краін Беларусі яшчэ далёка.

Я. Раманчук: У ЗША па статыстыцы 17% бедных. Але гэтыя бедныя маюць даходы каля 20 тыс. даляраў у год. Гэта зусім не галеча, тым больш, што яны маюць падтрымку ад дзяржавы, а цэны ў іх ніжэйшыя. У нас каля 11 адсоткаў бедных, але, згодна з апытаньнямі, лічыць сябе бедным каля 15%. Дзяржава робіць шмат, каб галечы не было, перш за ўсё гэта вялікая падтрымка ў жыльлёва-камунальных паслугах, праграмы па падтрымцы дзяцей. Але каб падняцца да ўзроўню хаця б Польшчы, ня кажучы ўжо пра Галяндыю ці Нямеччыну, то трэба радыкальна мяняць эканамічную палітыку й структуру эканомікі.

Паводле прынятага ў сьвеце паняцьця галечы, яна паяўляецца тады, калі чалавеку прыходзіцца пражываць, або хутчэй выжываць, за адзін даляр у дзень. Калі карыстацца гэтай катэгорыяй, то галечы ў Беларусі няма. У краіне заробкі вельмі ўсярэдненыя, няма крайняй галечы й крайняга багацьця. Але варта зірнуць на іншыя паказчыкі, напрыклад, колькі рэчаў можна купіць за сярэднюю зарплату й які працэнт заробкаў ідзе на ежу, – гаворыць эканаміст Серж Наўродзкі.

С. Наўродзкі: Колькі рэальна мы можам купіць на нашыя грошы – ежы, нехарчовых тавараў, паслугаў, тавараў з вышэйшай паліцы. Калі паглядзець на гэтыя паказчыкі, то ў Беларусі ўсё будзе кепска выглядаць. Колькі працэнтаў нашых заробкаў ідзе на харчаваньне – гэты паказчык павысіўся з 39% у 2010 да 42% у 2011. Вось гэтыя 3% адлюстроўваюць зьмену прэфэрэнцыяў выдаткаў беларусаў на самыя элемэнтарныя тавары. Але калі казаць пра галечу, то яе ў Беларусі практычна няма.

На думку спэцыялістаў, розьніца паміж беднымі ды багатымі людзьмі зь цягам часу будзе паглыбляцца. Гэта зьвязана, у прыватнасьці, з тым, што бедныя сем’і ня могуць даць сваім дзецям добрую адукацыю.

Дыскусіі пра галечу адбываюцца сёньня ў эфіры грамадзкіх радыёстанцый, якія ўваходзяць у Эўрапейскую асацыяцыю радыёвяшчаньня (EBU).

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт