Logo Polskiego Radia
Print

Дзеці пад наглядам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.11.2012 13:58
Мiністэрства працы й сацыяльнай апекі прапануе сыстэму маніторынгу лёсаў дзяцей.
pixabay.com

/

Выданьне „Rzeczpospolita” піша пра новую сыстэму адсочваньня лёсаў дзяцей у Польшчы. Пілётная праграма пачне працаваць у будчым годзе. У гмінах паявяцца адмысловыя каардынатары, якія будуць назіраць за лёсам дзяцей з праблемных сем’яў. “Гаворка ідзе не пра тое, каб умешвацца ў жыцьцё сям’і, а каб ахоўваць дзяцей з паталягічных сем’яў, – адзначае міністар працы Ўладыслаў Касіняк-Камыш. - Трэба зьвяртаць увагу на дзіця, калі яно галоднае, бруднае або прагульвае заняткі. Будзем таксама правяраць, ці дзецям робяць прывіўкі.”

Па статыстыцы паліцыі, у Польшчы ўсё больш дзяцей падвяргаецца розным відам паняверкі. Нядаўна ўся краіна была скаланутая гісторыяй жанчыны, якая нарадзіла васьмярых дзяцей, але пяцёра з іх забіла. Прыклады апошніх дзён – 23-гадовы студэнт інфарматыкі пабіў паўгадовага сына, бо той перашкаджаў яму граць на кампутары, а іншы малады тата так пабіў гадавалае дзіця, што яму была неабходная апэрацыя.

Як правіла, у такіх выпадках паліцыя паяўляецца толькі тады, калі няшчасьце ўжо здарылася. Таму патрэбная сыстэма, якая б рэагавала на сыгналы, што ў сям’і ня ўсё ў парадку. Але ня згодны з гэтым экспэрт з Інстытуту грамадзкіх спраў Марэк Рымша, які мяркуе, што ў Польшчы дрэнна сканструяваная ўся сыстэма сацыяльнай апекі, якая не жадае працаваць з нерадзівымі бацькамі, каб нейкім чынам ім дапамагчы. Прасьцей забраць дзіця зь сям’і й аддаць прыёмным бацькам.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт