Арэнай гэтага змаганьня стане Арктыка й Антарктыда. У выніку кліматычных зьменаў, даступнымі становяцца багатыя радовішчы гэтых рэгіёнаў. Расея пачынае новую гонку з Захадам. Гэтым разам не гонку ўзбраеньняў, а гонку па сыравіну.
Доўгія гады багацьці Арктыкі ды Антарктыды былі недасягальнымі для чалавека за-за суворых прыродных умоваў. Яшчэ сёньня лёд пакрывае 14 мільёнаў кв. кілямэтраў тэрыторыі Зямлі. Аднак, ацяпленьне клімату, усё больш інтэнсіўная дзейнасьць чалавека ўносіць свае карэктывы. Лядовы панцыр плянэты скарачаецца.
Прэтэнзіі на новыя землі выстаўляе шэраг краінаў. На Поўдні – гэта, між іншым, Вялікабрытанія, Аргентына, Чылі. На Поўначы – Канада, ЗША ды Расея. Пачынаецца гонка за рэсурсы.
Сытуацыю вакол багацьцяў схаваных пад льдамі камэнтуе Польскаму радыё др Катажына Хведароўска з Польскай акадэміі навук.
Катажына Хведароўска: Размова ідзе пра два абшары. Адзін – на Поўдні, другі на Поўначы. На Поўначы мы маем дачыненьне ўжо не з кантынэнтам, а морам закутым лёдам. На Поўдні – Антарктыда, кантынэнт пакрыты лёдам. Гэта тысячы кілямэтраў лядовага покрыва таўшчынёй ў сярэднім каля двух кілямэтраў.
Хто на гэтую тэрыторыю прэтэндуе? Каму яна належыць?
Катажына Хведароўска: Антарктыда, на шчасьце, нікому не належыць. Ейны юрыдычны статус рэгулюе спэцыяльны дакумэнт – дамова аб Антарктыдзе. На днях адбылася кансультатыўная сустрэча арганізацыі гэтай дамовы ў аўстралійскім Гобарце. Там было прынятае рашэньне пра мараторый на ўсе тэрытарыяльныя прэтэнзіі любых дзяржаў на гэтую тэрыторыю да 2048-га году.
Да таго моманту Антарктыда застанецца найбольш запаведнікам на нашай плянэце. Зусім інакш выглядае сытуацыя ў Арктыцы. Тут набіраюць абароты спрэчкі наконт таго, каму будуць належыць натуральныя рэсурсы, якія ў вялікіх колькасьцях залягаюць пад дном Паўночна-ледавітага акіяна.
Катажына Хведароўска: Дарэчы, у Арктыцы, сытуацыя насамрэч больш простая. Справа ў тым, што кантынэнтальная частка Арктыкі належыць да канкрэтных дзяржаў. Ёсьць канадзкая частка, амэрыканская альбо расейская. Што праўда, гэтыя дзяржавы спрачаюцца за некаторыя кавалкі. Але ў сытуацыя, калі марскі лёд адступае ўсё далей пад узьдзеяньнем ацяпленьня клімату, новыя шанцы атрымоўваюць прамыслоўцы. Таму што тэхналёгіі здабычы прыродных рэсурсаў зрабілі заўважальны крок наперад. Чалавецтва атрымоўвае доступ да тутэйшых рэсурсаў. У Антарктыдзе сытуацыя адваротная. Там дзейнічае мараторый, у тым ліку й на доступ да прыродных рэсурсаў.
Антарктыда застаецца пакуль тэрыторыяй навуковых дасьледаваньняў. Аднак дасьледаваньні сьведчаць, што тут ёсьць багатыя запасы нафты й газу. Таму інтарэс да гэтага рэгіёну будзе захоўвацца.
Катажына Хведароўска: Усе зацікаўленыя доступам да тутэйшых радовішчаў. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі да гэтага рэгіёну прад'яўляюць сёньня такія дзяржавы, як Вялікабрытанія, Аргентына, Чылі й Паўднёва-Афрыканская рэспубліка. Нават існуюць мапы падзелу гэтага ласага кавалку пірагу, якім зьяўляецца Антарктыда. Брытанцы кіруюцца прынцыпам “заморскіх калёній”. Тыя часы даўно мінулі, але гэта добрая нагода, каб прыбраць да рук гэты кантынэнт.
У Арктыцы барацьба за падзел падземнага шэльфу інтэнсыфікуецца. Нядоўга расейцы пачалі навуковую экспэдыцыю па вывучэньні марскога дна ў гэтым рэгіёне. Аднак ніхто ў Маскве не хавае сапраўдных мэтаў дасьледаваньняў. Ідзецца пра тое, каб падрыхтаваць навуковае абгрунтаваньне дзеля пашырэньня часткі марскога дна, якая павінна належыць да Расеі. Іншыя краіны робяць то самае.
Што варта чакаць у бліжэйшыя гады, пакуль дзейнічае мараторый ў Антарктыдзе?
Катажына Хведароўска: Нельга прадбачыць таго, што здарыцца. Антарктыда ізаляваны кантынэнт, але не ізаляваны ад глябальнага ўплыву дзеяньняў чалавека. Антарктыда належыць да так званых “hot-spot”-аў – найхутчэй ацяпляючыся раёнаў на Зямлі. Зьмены бачныя там голым вокам. Цягам апошніх трыццаці гадоў лёд адступіў больш на кілямэтар. Гэта вялізарныя зьмены.
Такім чынам, праз некалькі дзесяткаў гадоў чалавек можа пачаць прамысловае выкарыстаньне Арктыкі й Антарктыды.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч