19 верасьня 1991 году герб “Пагоня” й бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь. Пра тое, у якіх акалічнасьцях Беларусі былі вернутыя гістарычныя сымбалі, а таксама пра іх значэньне мы размаўляем зь гісторыкамі й непасрэднымі ўдзельнікамі падзеяў дваццацігадовай даўніны.
Як вярхоўны савет БССР, у якім дамінавалі камуністы, змог прыняць бел-чырвона-белы сьцяг? Трэба памятаць, што ў верасьні 1991 году Савецкі Саюз яшчэ існаваў і Беларусь была яго часткай. Пасьля паразы Аўгустаўскага путчу прыхільнікі камуністычнага рэваншу былі запалоханыя. Дэмакраты дзейнічалі рашуча й хутка. Ім удалося надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнага закону, а таксама зацьвердзіць гістарычныя герб і сьцяг. Пра гэта расказвае тагачасны старшыня Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч:
С. Шушкевіч: Я вельмі баяўся, што галасаваньне будзе адмоўным. Таму я прыняў пэўныя захады. Я запрасіў выступіць перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета прэзыдэнта Акадэміі Навук, сусьветнавядомага матэматыка Ўладзімера Пятровіча Платонава, а таксама прадстаўніка партыйнай намэнклятуры, але разам з тым шчырага й прыстойнага беларуса й шчырага й прыстойнага чалавека – Георгія Станіслававіча Таразевіча. Платонаў павінен быў паўзьдзейнічаць на інтэлектуальную частку Вярхоўнага Савета. А Георгій Станіслававіч – на намэнклятуру, якой была большасьць. Ён папрасіў мяне дапамагчы напісаць яму выступ на беларускай мове. Я доўга над ім працаваў. Мне падаецца, што менавіта два гэтыя выступы вырашылі гэтае пытаньне.
За бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню” прагаласавала 173 дэпутаты – кажа Станіслаў Шушкевіч. Калі б іх было 172, закон аб гербе й сьцягу не набраў бы неабходнай большасьці й не прайшоў бы.
Неацэнны ўклад у вяртаньне гістарычнай сымболікі ўнесьлі дэпутаты фракцыі БНФ і мастакі суполкі “Пагоня”. У верасьні 1991 году ў парлямэнце яны арганізавалі выставу “Герб і сьцяг”, якая адчыніла вочы тагачасным дэпутатам. Пра гэта расказвае суполкі “Пагоня” мастак Аляксей Марачкін.
Фота: spring96.org
А. Марачкін: Мы хацелі, каб дэпутаты хоць крыху даведаліся аб нашых гістарычных сымбалях, бо большасьць зь іх абсалютна нічога пра гэта ня ведала. Сярод іх, прабачце, панавала поўная цемра. Дэпутаты, звычайныя людзі наведвалі выставу ў Доме ўраду, глядзелі на нашыя гістарычныя сымбалі, атрымлівалі інфармацыю пра іх паходжаньне, нашую гісторыю, пра нашыя карані.
Парлямэнт прыняў закон аб вяртаньні “Пагоні”, але эталёну герба тады не існавала. Першы герб незалежнай Беларусі у кастрычніку 1991 году стварылі мастакі Яўген Кулік і Уладзімер Крукоўскі. Правобразам для яго паслужыла “Пагоня” з надмагільля караля Ягайлы, якое знаходзіцца ў Вавэльскім замку ў Кракаве.
Фота: nn.by
У. Крукоўскі: Паўстала пытаньне: які варыянт “Пагоні” ўзяць за ўзор для герба? Пасьля доўгіх абмеркаваньняў і спрэчак было вырашана ўзяць за ўзор “Пагоню” гатычнага пэрыяду – часоў Грунвальдзкай бітвы. За плястычную аснову была ўзятая выява “Пагоні” на надмагільлі Ягайлы. Былі ідэі стварыць інтэрпрэтацыю герба ў абсалютна сучаснай плястыцы. Аднак мы вырашылі ўзяць за аснову герб з пераможнага, самага слаўнага з вайсковага пункту гледжаньня, часу.
Выява "Пагоні" на надмагільлі караля Ягайлы
Адзін з варыянтаў “Пагоні” выбрала сваім гербам незалежная Летува. Аднак вершнік зь мячом – гэта гістарычны сымбаль менавіта беларускіх, а не балцкіх земляў, кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.
Фота: svaboda.org
А. Краўцэвіч: Захавалася мапа Вялікага Княства Літоўскага з пэрыяду яшчэ да Люблінскай вуніі. На ёй указаныя гербы ўсіх ваяводзтваў гэтай дзяржавы. Знак “Пагоня” прысутнічае толькі на беларускіх землях. На летувіскіх землях, у Жамойці – мядзьведзь. На украінскіх землях – іншыя сымбалі. А ўсе беларускі ваяводзтвы мелі герб “Пагоня”. Гэта адказ на ўсе пытаньні. “Пагоня” стала гербам усіх беларускіх зямель у XIII стагодзьдзі. А Жамойць далучылася да ВКЛ толькі ў XV стагодзьдзі – ў 1422 годзе. Гэта была другая зямля, яна мела другія сымбалі.
А назва герба “Пагоня” паходзіць з часоў змаганьня з крыжакамі, распавядае Алесь Краўцэвіч.
А. Краўцэвіч: Тактыка сярэднявечнай вайны была вельмі простай: сабраць патаемна войскі, перайсьці ў нечаканым месцы мяжу й напасьць на памежныя замкі й вёскі, покуль праціўнік не пасьпеў сабраць войска – сталых войскаў тады амаль ні ў каго не было. Задачай краіны, якая баранілася (а бараніліся мы, бо тэўтонскія рыцары нападалі часьцей) было сабраць усіх і адправіцца ў пагоню за ворагам, каб адбіць людзей, якіх ён угнаў у палон. Пагоня ладзілася па некалькі разоў на год. Хутчэй за ўсё назва герба, прынятага вялікім князем Віценем, зьвязана менавіта з гэтым.
На рэфэрэндуме 1995 году “Пагоня” й бел-чырвона-белагы сьцяг былі замененыя на зьлёгку мадыфікаваныя савецкія сымбалі. Акт адрачэньня ад гісторыі стаў першым крокам да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры. Нягледзячы на тое, што “Пагоня” й бел-чырвона-белы сьцяг перасталі быць сымбалямі дзяржавы, яны застаюцца сымбалямі беларускай культуры й беларускай гісторыі. Яны працягваюць жыць, і сьцерці іх з памяці беларусаў ужо ня ўдасца.
Аляксандар Папко