Годнасьць маюць усе
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
18.08.2012 13:00
Ня толькі каталікі й праваслаўныя, але таксама лібэралы й сацыял-дэмакраты, атэісты й геі – піша “Gazeta Wyborcza”.
Гэта добры дзень для палякаў і расейцаў, камэнтуе падпісаньне сумеснага пасланьня праваслаўнай і каталіцкай цэркваў галоўны рэдактар “Gazety Wyborczej” Адам Міхнік.
Хрысьціянскія сьвятары заявілі, што яны гатовыя “уступіць на шлях шчырага дыялёгу”. Яны таксама падкрэсьлілі, што прымірэньне не азначае забыцьця ахвяраў, нагадалі пра патрэбу пачаць грунтоўныя дасьледваньні сумеснай гісторыі.
У пасланьні таксама напісана пра “трагічны досьвед” “таталітарных рэжымаў, якія кіраваліся атэістычнай ідэалёгіяй”. Гэтая фармулёўка нараджае пытаньні – піша вядомы публіцыст. Істотай нацысцкага й камуністычнага рэжымаў быў не атэізм (а тым больш не лібэралізм), а таталітарны тэрор, які зьнішчаў сувязі паміж грамадзянамі, а таксама ідэя, што чалавек зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Атэістаў таталітарныя рэжымы забівалі так жа масава, як і хрысьціян.
Калі мы чытаем пра шчыры дыялёг, умацаваньне цярпімасьці й пашану годнасьці, то хочацца верыць, што дыялёгу й павагі заслугоўваюць ня толькі каталікі й праваслаўныя, але таксама іншыя “іншадумцы”: лібэралы й сацыял-дэмакраты, атэісты й геі. Права на свабоду, пашану чалавечай годнасьці маюць усе – альбо ня мае ніхто, падкрэсьлівае Адам Міхнік.
“Gazeta Wyborcza”/ап