У Горадні паявілася рэальная магчымасьць, што з новым навучальным годам дзеці беларускамоўных бацькоў змогуць атрымліваць адукацыю на роднай мове, пачынаючы з самага пачатку, яшчэ ў дзіцячым саду. Дагэтуль у горадзе не было ня толькі садка, але нават групы ў садку, дзе дзеткі вучыліся б па-беларуску. Але з кожным годам павялічваецца колькасьць крэатыўных беларусаў, якія жадаюць вучыць сваіх дзяцей на роднай мове.
Пакуль яшчэ няма стопрацэнтнай упэўненасьці, што група зь беларускай мовай навучаньня будзе створана. Паводле закону, неабходна сабраць як мінімум 12 дзяцей, каб стварыць такі адзьдзел, пакуль няма столькіх жадаючых, але набор працягваецца, можна яшчэ запісацца. Як сказала нам прадстаўніца бацькоўскага камітэту Натальля Кісель, адзьдзел адукацыі гарвыканкаму не стварае перашкодаў у фармаваньні групы, а нават ідзе насустрач бацькам.
Н.Кісель: Па законах павінна быць 12. У нас столькі няма, але некаторыя дзеці запішуцца зь вясны, бо мамы ня хочуць раней выходзіць на працу. Гэта экспэрымэнт, за апошнія 20 гадоў не было беларускамоўных групаў. Людзі зьбіралі подпісы, хацелі стварыць групу, але ў іх не атрымоўвалася. Раней быў этнасадок, але тамі існаваў толькі куточак, дзе дзеці вывучалі мову. А тут будзе цэлая рознаўзроставая група. Той садок быў на ўскраіне гораду, а гэты ў самым цэнтры.
У мінулым годзе ў Горадні былі адкрытыя беларускамоўныя клясы ў дзьвюх базавых школах, таксама нядрэнная сытуацыя назіраецца ў Слоніме, Ашмянах, Ваўкавыску, дзе адкрыліся цэлыя паўнавартасныя клясы, - распавёў нам Іван Буднік з гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Але хацелася б, зразумела, каб беларускіх школаў было больш, але нежаданьне бацькоў і дзяцей вывучаць беларускую мову зьвязана з адносінамі да роднай мове на вышэйшым узроўні.
І.Буднік: Гэта зьвязана з тым, што навучаньне ў вышэйшых і сярэдніх установах вядзецца па-руску, сродкі інфармацыі працуюць на рускай мове, у дзяржаўных установах карыстаюцца гэтай мовай. Таму й народ ставіцца прагматычна да гэтага пытаньня. Калі хтосьці з вышэйшых кіраўнікоў ці ўстаноў пакажа добры прыклад, то гэта зьменіцца. Калі пойдуць вучні ў першы кляс, то ў наступным будзе другі, а пазьней пяты-дзясяты. І так паўстане пытаньне для ўстаноў вышэйшай адукацыі, што трэба адкрываць навучаньне на беларускай мове.
Крыху іншая сытуацыя назіраецца сярод высокаадукаваных сьвядомых бацькоў у сталіцы краіны. Па словах Крысьціны Вітушкі, беларускамоўныя бацькі ў Менску часта шукаюць ня столькі адукацыю на беларускай мове, колькі такую школу, якая б выкладала на высокім узроўні замежныя мовы, паколькі дзеці гэтых бацькоў арыентуюцца не на беларускія, а на замежныя ВНУ.
К.Вітушка: Больш істотна пры выбары школы, на якім узроўні выкладаюцца замежныя мовы, наколькі глыбока вывучаюцца профільныя прадметы, і які профіль мае школа. Большасьць бацькоў разумее, што дзьве мовы на аднолькава добрым узроўні – гэта выдатная трэніроўка здольнасьцяў дзіцяці, што дапаможа вывучаць і ўсе астатнія прадметы. Так што гэта прапагандысцкія закіды, што няма попыту – гэты попыт няма магчымасьці нейкім чынам праявіць. Усе шаблённыя заявы на прыём дзіцяці ў школу напісаныя па-руску, там прапісаная руская мова навучаньня. І калі бацькі гатовыя ісьці на канфлікт і патрабаваць беларускую мову, то ім неабходна прайсьці яшчэ некалькі колаў патрабаваньняў і напісаць заяву на беларускамоўнае навучаньне.
Мы згодныя з Крысьцінай Вітушкай і з усімі сьвядомымі беларусамі, што валоданьне як мага большай колькасьцю моваў дае магчымасьці глыбока пазнаць сьвет, атрымаць рознабаковую адукацыю. А веданьне беларускай мовы сьведчыць пра талерантнасьць грамадзтва, павага да роднай мовы – гэта павага й да сябе. Таму падумайце, бацькі, над магчымасьцю даць вашым дзецям такі непаўторны шанец вывучыць абедзьве дзяржаўныя мовы. Нагадваем, у Горадні працягваецца набор у беларускамоўную групу ў садку №45, а таксама ў беларускамоўныя клясы ў школах №32 і №34.
Інфармацыя з сайта “Нашай Нівы”:
Дзіцячы садок № 45
Адрас: вул. Сухамбаева, 5
Заявы прымаюцца ў Ленінскім аддзеле адукацыі па адрасе: вул. Савецкая, 14, каб. 253, тэлефон — 74-07-85.
Працоўны тэлефон выканаўцы абавязкаў начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-04-83 (Пахомава Алена Аляксандраўна).
Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58 (Блажэй Сяргей Валяр’янавіч).
Прадстаўнік бацькоўскага камітэта: (029) 889-18-53; (029) 337-85-74, e-mail — nas_hovea@mail.ru (Наталля Кісель).
СШ № 32 (Ленінскі раён)
Тэлефон сакратара школы: 41-31-92 (Баярчык Гелена Вацлаваўна).
Завуч пачатковай школы № 32: (029) 787-43-54 (Багдановіч Валянціна Іванаўна).
E-mail: Sh32@mail.grodno.by
Ленінскі аддзел адукацыі: 72-10-65 (Аксана Сяргееўна).
Прадстаўнік бацькоўскага камітэта беларускіх класаў: 70-62-89, пасля 18.00 (Астроўская Аксана Барысаўна).
СШ № 34 (Кастрычніцкі раён)
Тэлефон сакратара школы: 56-73-13.
Завуч пачатковай школы № 34: 56-25-46 (Вітко Алена Антонаўна).
Е-маіl: Sh34oktroo@mail.grodno.by
Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58 (Блажэй Сяргей Валяр’янавіч).
Кастрычніцкі аддзел адукацыі: 52-05-66 (Аляксандра Уладзіміраўна).Тэлефоны гродзенскай абласной арганізацыі ТБМ: (029) 943-58-09 (Крой Аляксандр Ільіч), (029) 285-93-07 (Буднік Іван Фёдаравіч).
нг