Logo Polskiego Radia
Print

Пратэсты ў Грузіі маглі быць правакацыяй з боку Крамля

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.07.2019 05:11
Ці сілавікі падказалі Пуціну прадэманстраваць ваенную магутнасьць, на прыклад, на Грузіі?
Photo: OpenClipart-Vectors/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданьне «Gazeta Polska» вяртаецца да падзеяў у Грузіі. Нагадаем, там прайшлі масавыя пратэсты. Жыхары краіны выйшлі на вуліцы, каб выразіць свой супраціў адносна наладжваньня блізкіх кантактаў з Расеяй. Каталізатарам падзей стала пасяджэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўных дзяржаў. Кіраўнік гэтай структуры расейскі дэпутат Сяргей Гаўрылаў засеў у крэсьле сьпікера грузінскага парлямэнту, каб павесьці сустрэчу.

Гэта выклікала рэзкую рэакцыю як грузінскай апазыцыі, так і грамадзтва. У выніку сутычак з паліцыяй было паранена некалькі сотняў чалавек, сотні былі затрыманыя. Трэба было кінуць разьюшанаму натоўпу ахвяру – ім стаў сьпікер парлямэнту, на якога ўлады ўсклалі віну за інцыдэнт. Тым ня менш, сытуацыя для кіруючай групоўкі «Грузінская мара» далей вельмі небясьпечная. Кіраўнік партыі высунуў прапанову, якая была згодная з патрабаваньнем большасьці пратэстуючых: вярнуцца да прапарцыйнай сыстэмы выбараў.

Эскаляцыя палітычнага крызісу ў Грузіі адпавядае інтарэсам Масквы. Больш за тое, апошнія падзеі, візыт Гаўрылава, былі правакацый з боку Расеі. Расейцы або выкарысталі наіўнасьць грузінскіх гаспадароў, або хтосьці ў «Грузінскай мары» дапамог расейцам мэтанакіравана. Неабходна заўважыць, як хутка і рашуча адрэагавала Масква: Пуцін неадкладна прыняў дэкрэт аб забароне палётаў расейскіх самалётаў у Грузію і аб эвакуацыі ўсіх расейскіх турыстаў з дадзенай краіны. Гэтыя санкцыі могуць сур’ёзна пашкодзіць грузінскай эканоміцы. Такім чынам расейскія ўлады адцягваюць увагу ад унутраных праблем і кансалідуюць грамадзтва супраць вонкавага «ворага». Настроі насельніцтва ў Расеі пастаянна пагаршаюцца, узьнікаюць мясцовыя пратэсты, эканамічная сытуацыя горшая, чым у афіцыйных статыстыках. У такой сытуацыі сілавікі маглі падказаць Пуціну, што добра было б прадэманстраваць ваенную магутнасьць, на прыклад, зноў жа на Грузіі. Гэта найгоршы варыянт. Аднак магчыма, што Масква хоча толькі прымусіць Грузію перагледзець двухбаковыя адносіны і спрабаваць пераканаць яе адмовіцца ад інтэграцыі з Захадам. Відаць, у Крамлі мяркуюць, што магчыма гэта зрабіць або праз чарговую вайну, або праз палітычны хаос у Грузіі, што магло б схіліць Тбілісі вярнуцца да нармальных дыпляматычных кантактаў з Расеяй.

Gazeta Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт