Дональд Трамп наведаў КНДР
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Viktar Korbut
                        
                        30.06.2019 13:04
                    
                                 
                
                
                    30 чэрвеня на граніцы Паўночнай і Паўднёвай Карэі сустрэліся Дональд Трамп і Кім Чэн Ын.
                
                
                    
                         Дональд Трамп і Кім Чэн ЫнФота: EPA/YONHAP SOUTH KOREA OUT
Дональд Трамп і Кім Чэн ЫнФота: EPA/YONHAP SOUTH KOREA OUT
                     
                
                
                
               
                
                         30 чэрвеня на граніцы Паўночнай і Паўднёвай Карэі сустрэліся прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і старшыня Дзяржаўнага савета КНДР Кім Чэн Ын. У дэмілітарызаванай зоне паміж дзвюма карэйскімі дзяржавамі лідары паціснулі адзін аднаму рукі.
Дональд Трамп стаў першым дзеючым прэзыдэнтам ЗША, які ступіў на тэрыторыю КНДР. Трамп сказаў Кім Чэн Ыну: «Гэта гонар для мяне — сустрэцца з табой. Гонарам для мяне было таксама перасячэньне гэтай лініі, і я ганаруся, што перасёк гэту лінію. Я здагадваўся, што ты можаш гэта зрабіць. Я ня быў у гэтым упэўнены, але быў да гэтага гатовы. Хачу табе падзякаваць. Гэта было выдатна».
Прэзыдэнт ЗША назваў сустрэчу зь лідарам Паўночнай Карэі «вялікім днём для ўсяго сьвету» і адзначыў, што паміж імі завязваецца сяброўства. Дональд Трамп запрасіў Кім Чэн Ына ў Вашынгтон.
У сваю чаргу лідар КНДР заявіў, што будзе рады, калі Дональд Трамп наведае Пхеньян.
Пасля сустрэчы на граніцы кіраўнікі дзьвюх краін правялі перагаворы на паўднёвакарэйскім баку.
Гэта трэцяя сустрэча прэзыдэнта ЗША з кіраўніком КНДР. Амэрыканскі бок спадзяецца, што сустрэча можа дапамагчы вывесьці з тупіка перагаворы аб ператварэнні Карэйскага паўвострава ў бязьядзерную зону.
IAR/PAP/вк