Паводле апытаньня ВВС, 13% арабаў называюць сябе нерэлігійнымі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.06.2019 14:28
Такая заява ў мусульманскіх дзяржавах патрабуе адвагі.
pixabay.com
У выданьні «Gazeta Wyborcza» артыкул пра сацыялягічныя дасьледаваньні ВВС, праведзеныя ў арабскіх краінах. Жыхарам задалі пытаньні між іншым пра іх рэлігійнасьць, адносіны да ўдзелу жанчын у палітыцы, талерантнасьць. Анкеты запоўнілі 25 тыс. чалавек з 10 краін.
Цікава, што за апошнія пяць гадоў з 8 да 13 адсоткаў вырасла колькасьць асобаў, якія кажуць, што іх не цікавіць рэлігія, найбольш сярод маладых. Нельга забываць, што такая заява ў мусульманскіх дзяржавах патрабуе адвагі, людзі, якія адкрыта кажуць пра свой атэізм, сустракаюцца зь перасьледам.
Ці мусульмане дапускаюць, каб жанчына стала прэм’ер-міністрам або прэзыдэнтам? Найменш жадаючых бачыць на такой пасадзе жанчыну ў Альжыры, нават самі жанчыны выступаюць там супраць гэтага. Аднак у многіх іншых краінах як мінімум палова апытаных кажа, што ім бы жанчына на важнай пасадзе не перашкаджала.
Ці муж павінен вырашаць самыя важныя пытаньні ў сям’і? Станоўча адказвае ад паловы да трох чацьвёртых апытаных жыхароў арабскага сьвету. У мусульманскіх краінах назіраецца адносна нізкая талерантнасьць у адносінах да гомасэксуалаў – самая высокая ў Альжыры – 26%, за ім ідуць Марока і Судан.
Апытаным задалі пытаньне таксама пра адносіны да трох сусьветных лідараў – прэзыдэнтаў ЗША, Турцыі ды Расеі (Дональда Трампа, Рэджэпа Эрдагана і Ўладзіміра Пуціна). З гэтай тройцы найбольш даспадобы жыхарам арабскіх краін прэзыдэнт Турцыі Эрдаган, хаця сам ён не зьяўляецца арабам. Відаць, яго любяць за тое, што ён не падлізваецца захаду.
Каля адной пятай апытаных арабаў хацела б зьехаць са сваёй краіны ў лепшае месца для жыцьця.
Gazeta Wyborcza/нг