Папа Францішак папрасіў прабачэньня ў цыганоў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.06.2019 16:31
На трэці дзень свайго паломніцтва ў Румынію папа сустрэўся з мясцовымі цыганамі.
PAP/EPA/ANDREAS SOLARO / POOL
Папа рымскі Францішак папрасіў прабачэньня ў цыганоў. На трэці дзень свайго паломніцтва ў Румынію папа сустрэўся з мясцовымі цыганамі – грэкакатолікамі. Папа Францішак сказаў, што яму цяжка зьмірыцца са сьвядомасьцю, з якой дыскрымінацыяй, ізаляцыяй і рэпрэсіямі сустракаліся цыганы з боку каталікоў.
«Я прашу ад імя Касьцёла выбачыць нам за тое, што на працягу гісторыі мы Вас дыскрымінавалі, зьдзекаваліся з Вас або глядзелі на Вас дрэнна, вачыма Каіна, а не Авэля, і не змаглі вас прызнаць, цаніць і бараніць у вашай спэцыфіцы», – заявіў Францішак.
Выступленьне перад румынскімі цыганамі было апошняй прамовай папы рымскага падчас яго трыццатага замежнага падарожжа. Раней папа аб’явіў бласлаўлёнымі семярых біскупаў грэкакаталіцкай царквы, мучанікаў камуністычнага рэжыму. Біскупы загінулі ў выніку катаваньня ў гадах 1950- 1970. Усе яны засталіся вернымі грэкакаталіцызму, хаця ўлады прапанавалі ім перайсьці на праваслаўе, каб уратаваць жыцьцё.
ІАР ПР/нг