Гітанас Наўседа новым прэзыдэнтам Летувы
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
27.05.2019 00:17
Паводле папярэдніх вынікаў, Наўседа атрымаў 71% галасоў.
Сьцяг Летувы.Photo: Inactive account – ID 1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain
За Інгрыду Шыманіце прагаласавала толькі 28%.
Гэта ўжо шосты прэзыдэнт з часоў аднаўленьня незалежнасьці.
Папярэдняя прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце адбыла два тэрміны і не магла балятавацца на трэці згодна з Канстытуцыяй.
У нядзелю ў Летуве прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. У ім удзельнічалі былая міністар фінансаў, кандыдат ад Саюзу Айчыны – хрысьціянскіх дэмакратаў Інгрыда Шыманіце ды эканаміст, незалежны кандыдат Гітанас Наўседа. У першым туры Шыманіце выйграла ў Наўседы з невялікай перавагай 0,18% (31,13% супраць 30,95%).
Віленскі публіцыст Аляксандар Радчанка сказаў Польскаму радыё, што з самага пачатку прэзыдэнцкая кампанія ў Летуве засяроджана на пытаньнях сацыяльнай няроўнасьці. У гэтай справе Летува зьяўляецца адным з лідэраў у Эўразьвязе. Кожны кандыдат мусіў выказацца на гэтую тэму. У выніку Летуву пасьля выбараў чакае рост бюджэтных выдаткаў ды павялічэньне падаткаў.
Што тычыцца міжнароднай палітыкі, то тут абодва кандыдаты трымаюцца эўрапейскага вэктара разьвіцьця, але Наўседа больш прыхільна ставіцца да Беларусі. Пасьля першага тура ён заявіў, што Летува хацела б «сяброўскіх адносін, заснаваных на эканамічным разьвіцьці, лягістыцы ды транспартнай інфраструктуры.
Ён дадаў, што тэма БелАЭС не павінна цалкам прыцямніць адносіны паміж Вільняй і Мінскам, бо Летуве важна, каб Беларусь заставалася незалежнай ад Расіі. Шыманіце трымаецца цяперашняй пазыцыі Вільні супраць беларускай АЭС.
ПР/юл