Мінюст ЗША прадʼявіў новыя абвінавачаньні заснавальніку WikiLeaks
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
24.05.2019 15:31
Джуліан Ассанж абвінавачваецца па 17 пунктах, у тым ліку ў незаконным здабыцьці й публікацыі сакрэтнай інфармацыі.
Джуліян Асанжwikimedia commons/David G Silvers/CC BY-SA 2.0
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы міністэрства. Раней Асанжа абвінавачвалі толькі ў кампутэрным узломе.
Цяпер жа заснавальніка WikiLeaks абвінавацілі ў тым, што ён падбухторваў былога аналітыка выведкі амэрыканскай арміі Чэлсі Мэнінга да выдачы сакрэтнай інфармацыі, а таксама апублікаваў імёны сакрэтных крыніц па ваенных дзеяньнях у Іраку і Аўганістане, «паставіўшы іх жыцьцё пад пагрозу». Як адзначаецца, сярод іх былі мірныя жыхары, журналісты, праваабаронцы, і дысыдэнты.
Ад Мэнінга, як адзначылі ў Мінюсце, Ассанж атрымаў базы дадзеных з 400 тысячамі справаздач па Іраку і 90 тысячамі справаздач па Аўганістане, 250 тысяч тэлеграм Дзярждэпартамэнта і яшчэ каля 800 аналітычных запісак аб зьняволеных у Гуантанама. Таксама Асанжу прадʼяўлена абвінавачваньне ў шпіянажы на шкоду ЗША.
Заходнія выданьні з занепакоенасьцю ўспрынялі тое, што супраць Ассанжа высунутыя абвінавачаньні па законе аб шпіянажы. Гэта ставіць пад пагрозу працу журналістаў, якія асьвятляюць праблемы нацыянальнай бясьпекі, адзначылі ў рэдакцыі The Guardian. Гэта зьвязана з тым, што звычайна па дадзеным законе перасьледуюць здабыўшых інфармацыю служачых, накшталт Чэлсі Мэнінга, але не публікатараў як Асанж, непакояцца СМІ. Таксама адвакаты Асанжа заяўляюць, што агучаныя абвінавачаньні абмяжоўваюць «свабоду слова» усіх журналістаў.
Прадстаўнік амэрыканскай пракуратуры запэўніў CNN, што Ассанжа перасьледуюць не як простага журналіста або выдаўцу, а як шпіёна.
ПР/юл