Logo Polskiego Radia
Print

Расейцы ўсё часьцей хваляць Сталіна

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2019 13:45
Ажно 70% расейцаў станоўча ацэньваюць савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна.
pl.wikipedia.org

Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва РБК, гэта рэкордная лічба ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. У 2015 годзе станоўча дзейнасьць злачынцы ацэньвалі толькі 34% рэспандэнтаў. Апытаньне на дадзеную тэму правёў Аналітычны цэнтар Юрыя Левады.

Дасьледаваньні паказваюць, што прынамсі палова ўдзельнікаў гатовая апраўдаць сталінскія рэпрэсіі. Сярод тых 70%, якія станоўча ацанілі гістарычную ролю Іосіфа Сталіна, 51% падкрэсьлілі, што ставіцца да гэтай постаці з павагай і прыхільнасьцю. Толькі 14% рэспандэнтаў заявілі, што адчуваюць у стасунку да Сталіна агіду ды страх.

Сацыёлягі з Левада-цэнтра тлумачаць, што найбольш станоўча да тырана ставіцца электарат камуністычнай партыі, выбарцы Уладзіміра Пуціна ды прыхільнікі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Уладзіміра Жырыноўскага.

Сацыёляг з Расейскай Акадэміі навук Лявон Бызаў патлумачыў, што ўплыў на фармаваньне такіх ацэнак мае прапаганда дзяржаўных, якая ўмацоўвае ў грамадзтве станоўчы вобраз савецкага дыктатара.

Людзі ўспрымаюць Сталіна як цара, які сёк галовы дрэнным баярам, пры нагодзе цярпелі й нявінныя людзі, падкрэсьліў расейскі сацыёляг.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт