Logo Polskiego Radia
Print

У Нарвэгіі могуць адабраць дзіця ў сям'і без суда і сьледзтва

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.03.2019 11:20
На нарвэскія службы аховы дзяцей скардзяцца бацькі з многіх краін.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

«Gazeta Wyborcza» піша пра Барнэварн – нарвэскую службу па пытаньнях аховы дзяцей (Barnevernet). Выданьне апісвае некалькі гісторый польскіх сем’яў, якія ўцяклі ў Польшчу з Нарвэгіі зь некалькімі чамаданамі толькі з-за таго, што існавала верагоднасьць адабраньня ў іх дзяцей. Напрыклад, Анка празь дзьве гадзіны пасьля гутаркі з чыноўнікам Барнэварну ехала ўжо ў Польшчу. Іза з двухгадовым сынам выехала з Нарвэгіі ноччу. Таксама сям’я Іваньскіх зьехала з краіны, калі Барнэварн паявіўся ў школе і без згоды бацькоў размаўляў з іх дзецьмі.

На нарвэскія службы аховы дзяцей скардзяцца бацькі з многіх краін. Дзіця можа быць адабранае без суда і сьледзтва, калі толькі існуе падазрэньне, што яму ў сям’і дрэнна. Напрыклад, бацька курыць (магчыма, курыць таксама пры малечы). Па словах Ізы, у папцы, якую ўстанова завяла на яе сям’ю, было між іншым напісана, што яна ходзіць без макіяжу, а гэта значыць, не спраўляецца з абавязкамі.

Іза кажа, што ў Нарвэгіі інакш выхоўваюць дзяцей, чым у Польшчы. Калі там жывеш, трэба ведаць мясцовыя норавы і трымацца іх. Аднак нельга забываць, што ў ведамстве па пытаньнях дзяцей працуюць людзі, а яны могуць памыляцца. І дадае, што палюбіла Нарвэгію за тое, што там такое ўладкаванае жыцьцё, а зьяжджала адтуль з пачуцьцём, што гэта самая абсурдная краіна ў сьвеце.

Ёсьць, праўда, і станоўчы прыклад полькі, за якой назіраў Барнэварн. Яна вельмі баялася, што службы адбяруць у яе дзяцей, але пасьля сэрыі гутарак і дапамогі з боку спэцыялістаў яе справу закрылі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт