Logo Polskiego Radia
Print

Латвія і Эстонія выставяць Расеі рахунак за акупацыю

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.08.2018 13:00
У 2005 годзе ў Латвіі падлічылі, што Савецкі Саюз нанёс шкоду краіне на суму 300 млрд эўра.
РыгаРыгаФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Кіраўнікі латвійскага і эстонскага міністэрстваў юстыцыі спаткаліся 21 жніўня ў Рызе і выступілі з супольнай заявай, зь якой вынікае, што неўзабаве могуць выставіць Расеі рахунак за “страты, нанесеныя падчас савецкай акупацыі”. Цяпер паміж ведамствамі дзьвюх краін вядуцца кансультацыі, разглядаюцца прававыя мэханізмы, якія балтыйскія краіны маглі б выкарыстаць, каб атрымаць ад Расеі шматмільярдную кампэнсацыю.

У Рызе і Таліне гавораць пра тое, што пытаньне будзе паднята на ўзроўні ААН.

У 2005 годзе ў Латвіі падлічылі, што Савецкі Саюз нанёс шкоду краіне на суму 300 млрд эўра. Да такога вываду прыйшла ўрадавая камісія, якая падлічвала чалавечыя і матэрыяльныя страты. Члены камісіі прызналі тады, што на тэрыторыі Латвіі Масква спансіравала выключна савецкую армію і занядбала разьвіцьцё краіны.

Аднак, як лічыць вядомы латвійскі публіцыст Айварс Озаліньш, аніякай кампэнсацыі Латвія ад Расеі не дачакаецца, бо Масква адмаўляецца ад усякіх закідаў у свой бок. Увогуле, як лічыць сп. Озаліньш, немагчыма ў грошах падлічыць шкоду нанесеную Латвіі ў выніку страты ёю незалежнасьці.

У Эстоніі ў гэты ж час падлічылі шкоду і ад савецкай, і ад нямецкай акупацыі, у выніку якіх краіна страціла 180 тысяч чалавек, ці 18% насельніцтва. Былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль заявіў, што Эстонія “не зьўляецца ворагам Расеі, але варта разумець тое, што перажыў эстонскі народ”.

У той жа час Дзьмітрый Пяскоў, прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што ні пра якія кампэнсацыі ня можа ісьці размова і што жыхары балтыйскіх дзяржаў павінны памятаць пра ўклад, які “Савецкі Саюз унёс у разьвіцьцё інфраструктуры і гаспадаркі”.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт