Logo Polskiego Radia
Print

Стан здароўя Алега Сянцова пагоршыўся

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 19.07.2018 16:03
«Ён выглядае яшчэ горш, чым мінулы раз. Вельмі бледны.»
Алег СянцоўАлег Сянцоўyoutube.com/screen

Адвакат украінскага рэжысёра Алега Сянцова Дзьмітры Дзінза сёньня наведаў свайго падабароннага ў калёніі гораду Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Паводле слоў адваката, стан асуджанага пагоршыўся з моманту апошняга візыту абаронцы.

«Ён выглядае яшчэ горш, чым мінулы раз. Вельмі бледны.» – сказаў пра здароўе Сянцова адвакат, удакладніўшы, што рэжысэр «ходзіць сам».

Паводле словаў Дзінзы, два тыдні таму ў Сянцова быў другі «крызіс па здароўі». Рэжысэру стала дрэнна, і яго хацелі шпіталізаваць для таго, каб пачаць паўнавартаснае прымусовае кармленьне і ўліваць больш сумесі.

Алег Сянцоў адмовіўся ад шпіталізацыі, і яго пакінулі ў калёніі з умовай, што сумесь ён будзе прымаць сам пад наглядам лекара, паведаміў Дзінза. Паводле яго слоў, Сянцоў знаходзіцца ў палаце і з галадоўкі выходзіць не зьбіраецца. Кажа: «Колькі мяне хопіць, столькі і працягну».

Акрамя таго, Сянцоў выказаў зьдзіўленьне, чаму скончылася актыўная кампанія падтрымкі ўкраінскіх палітвязьняў з боку Ўкраіны і ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Людмілы Дзянісавай.

«Сянцоў лічыць, што ўкраінскі бок павінен больш актыўна прасоўваць сытуацыю з вызваленьнем астатніх палітвязьняў» – расказаў Дзьмітры Дзінза.
14 траўня Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме, абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў калёніі, патрабуючы вызваленьня ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі.

Па ўсім сьвеце працягваюцца акцыі ў падтрымку асуджанага ўкраінскага рэжысэра.

svaboda.org/эж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт