У Гішпаніі зьмяніўся ўрад
PR dla Zagranicy
Eduard Zholud
01.06.2018 13:59
Новым прэм’ерам стаў Пэдра Санчэс — лідэр сацыялістаў, якія дагэтуль былі ў апазыцыі.
Новы прэм'ер Гішпанскага Каралеўства Пэдра СанчэсPAP/EPA/BALLESTEROS
Парлямэнт Гішпаніі вынес вотум недаверу ўраду Марыяна Рахоя. За адстаўку кабінэту прагаласавалі 180 дэпутатаў, 169 былі супраць.
Новым прэм’ерам стаў Пэдра Санчэс — лідэр сацыялістаў, якія дагэтуль былі ў апазыцыі. Раней ён заяўляў, што ня будзе пярэчыць правядзеньню датэрміновых выбараў, аднак цяпер кажа, што гатовы заставацца ва ўладзе да 2020 году, калі заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга парлямэнту.
Аднак няясна, ці ўдасца яму сфармаваць стабільны кабінэт: у сацыялістаў меншасьць у парлямэнце, адправіць Рахоя у адстаўку ім удалося толькі пры дапамозе басконскіх і каталёнскіх нацыяналістаў.
Марыяна Рахой яшчэ да галасаваньня ў парлямэнце аб вотуме недаверу прызнаў сваю паразу і павіншаваў Санчэса.
Дэпутаты запатрабавалі адстаўкі Рахоя з прычыны карупцыйнага скандалу, зьвязанага з узначальванай ім Народнай партыяй. Суд раней прызнаў вінаватымі каля 30 функцыянэраў партыі. Сам Рахой адмаўляўся сысьці ў адстаўку, сьцьвярджаючы, што ён сам не замешаны ў справе і ня ведаў пра махінацыі.
svaboda.org/эж