Сёньня ноччу закончыўся тэрмін 24-гадзіннага ўльтыматуму, які прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй паставіла Крамлю, каб ён даў адказ, хто атруціў былога двайнога шпіёна Сяргея Скрыпаля. Расея не адказала, але няма сумневаў, што толькі расейцы маглі забіць былога агента.
Былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль ды ягоная дачка былі атручаныя ў ангельскім гарадку Солсбэры 4 сакавіка. На момант падрыхтоўкі гэтага сюжэту яны ляжалі ў шпіталі ў крытычным стане. Ахвяры былі знойдзеныя непрытомнымі каля аднаго з гандлёвых цэнтраў. Пазьней стала вядома, што яны былі атручаныя невядомым нэрвова-паралітычным рэчывам. Меркаваньнем брытанскіх сьледчых, гэта субстанцыя «Навічок», распрацаваная яшчэ ў 70-80-ыя гады ў Савецкім Саюзе. Заявіла пра гэта ў сваім выступленьні прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй. У сваю чаргу амэрыканскі дзяржсакратар Рэкс Тылерсан (ужо ў адстаўцы) мяркуе, што падазрэньні брытанскіх спэцслужбаў пра расейскі сьлед «вельмі верагодныя».
Былы двайны агент мог бы памерці ад уяўнага сардэчнага прыступу, які ня выклікаў бы хутчэй за ўсё ніякіх падазрэньняў, але, відаць, Масква наадварот хацела, каб справа стала гучнай. І таму была выбраная вельмі небясьпечная субстанцыя, якая можа забіваць мільёны людзей. Аб гэтым сказаў BBC экспэрт па хімічнай зброі Хэміш де Брэтан-Гордан.
Х. Брэтан-Гордан: Гэта самая сьмяротна небясьпечная субстанцыя, з якой мы сустрэліся ў Вялікабрытаніі. Яна патэнцыйна можа забіваць многія мільёны людзей.
Экспэрт адзначыў, што «Навічок» можа мець форму парашка, і ў такім выглядзе яго, магчыма, прыслалі Скрыпалю ў пасылцы. Ён мог толькі дакрануцца да атруты, адкрываючы пасылку.
Учора брытанцы паставілі Расеі ўльтыматум, што да поўначы яна павінна патлумачыць, якім чынам «Навічок» быў выкарыстаны дзеля забойства былога расейскага шпіёна. Расея пасьлядоўна аспрэчвае, што яна мела дачыненьне да атручваньня Скрыпаля, хаця ў расейскіх СМІ яго адкрыта называюць здраднікам, які заслугоўвае сьмерці.
Тэрэза Мэй прыгразіла Расеі санкцыямі, калі яна не патлумачыць, чаму загінуў Скрыпаль і хто за гэтым стаіць. Масква адказала, што яна ўвядзе ў такім выпадку контрсанкцыі. Пра гэта заявіла прэс-сакратар МЗС Марыя Захарава, якая ў якасьці прыкладу прывяла забарону дзейнічаць у Расеі ўсіх брытанскіх сродкаў масавай інфармацыі, калі Лёндан перакрые магчымасьць трансьляваць перадачы тэлебачаньня Russia Today.
М. Захарава: Ніводнае брытанскае СМІ ня будзе працаваць у нашай краіне, калі яны закрыюць Russia Today.
Выступаючы па дзяржаўным тэлебачаньні, Захарава нагадала, што Вялікабрытанія зьяўляецца ядзернай дзяржавай і выразіла зьдзіўленьне, што такая краіна камусьці ставіць ультыматум. Прадстаўніца расейскага МЗС заявіла, што цяпер усе павінны зразумець, чаму нядаўна ў сваёй прамове прэзыдэнт Уладзімір Пуцін казаў пра сучаснае ўзбраеньне расейскай арміі.
А ці ёсьць магчымасьць, каб вышэйшае расейскае кіраўніцтва ня ведала пра пляны забойства Скрыпаля? На думку адмыслоўцаў, не. У расейскія законы нядаўна была ўведзена папраўка, якая дае магчымасьць законна і легальна забіваць здраднікаў і ворагаў дзяржавы. І таму Пуцін ня мог ня ведаць пра забойства Скрыпаля, а нават павінен быў выдаць на яго дазвол, – тлумачыць Гжэгаж Кучыньскі, аўтар кнігі «Як забіваюць расейцы. Ахвяры расейскіх спэцслужбаў ад Троцкага да Літвіненкі».
Г.Кучыньскі: Летам 2006 году ў Расеі былі прынятыя антытэрарыстычныя законы. Яны легалізуюць магчымасьць забіваць ворагаў расейскай дзяржавы за межамі Расеі агентамі расейскіх спэцслужбаў. Такія выпадкі былі і раней, але цяпер гэта адбываецца законна. І ў праве прапісана, што асабіста павінен выдаць згоду прэзыдэнт. Так што калі сапраўды гэта была апэрацыя расейскіх спэцслужбаў, а не нейкая гібрыдная апэрацыя з удзелам злачыннага сьвету, то пра гэта Ўладзімер Пуцін ня толькі ведаў, але і выдаў на яе згоду.
Брытанская паліцыя намераная цяпер вярнуцца да 14 таямнічых сьмерцяў на выспах, ды якіх маглі прычыніцца расейскія агенты.
Якія санкцыі супраць Расеі мае ў сваім распараджэньні Лёндан? У першую чаргу выдаленьнe расейскіх дыпляматаў. Пра выдаленьне 23 асоб заявілі ўжо брытанскія ўлады. Тэрэза Мэй аб'явіла, што Лёндан парывае ўсе дыпляматычныя кантакты з Расеяй. Гэта азначае, што будзе адменены візыт міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. Вялікабрытанія таксама ня вышле дыпляматычнага прадстаўніцтва на чэмпіянат па футболе ў Расею.Брытанцы могуць вырашыць перакрыць доступ расейскіх банкаў да плацёжнай сыстэмы Swift і ўзяцца за расейскіх алігархаў, набліжаных да Пуціна, якія купляюць за вялізныя сродкі нерухомасьць у ангельскай сталіцы. Мэй можа таксама ўзмацніць брытанскі вайсковы кантынгент у Прыбалтыцы, а нават правесьці кібэратаку на расейскія дзяржаўныя ўстановы.
нг