Logo Polskiego Radia
Print

Тэхасцы патрабуюць дазволу на нашэньне зброі ў школах і цэрквах

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.11.2017 14:33
Пасьля страляніны ў царкве тэхасцы патрабуюць не абмежаваць, а спрасьціць доступ да зброі.
PAP/EPA/LARRY W. SMITH

Пасьля масавай страляніны з гібельлю людзей у Злучаных Штатах зазвычай пачынаецца дыскусія наконт абмежаваньня права нашэньня зброі. У нядзелю ў царкве ў пасёлку Саўзэрлэнд Спрынгс (Southerland Springs) у выніку перастрэлкі загінулі 26 людзей, але жыхары Тэхасу патрабуюць спрасьціць доступ да зброі. Чаму? Пра гэта распавядае Gazeta Wyboorcza

5 лістапада 26-гадовы Дэвін Келі (Devin Kelley) адкрыў агонь падчас набажэнства ў баптысцкай царкве. Злачынца раней каралі за зьбіцьцё жонкі, ён быў звольнены з арміі за бойку. Згодна з амэрыканскімі законамі, такі чалавек ня меў права набываць зброю, але яго вайсковая частка забыла выслаць інфармацыю пра Келі ў фэдэральную базу дадзеных.

Злачынцу ўдалося спыніць двум жыхарам Тэхасу, якія мелі пры сабе вінтоўку. Яны паранілі стралка, а затым перасьледавалі яго, пакуль той ня зьдзейсьніў самагубства.

Жыхары Тэхасу маюць права ня толькі мець зброю дома, але й схавана насіць яе пры сабе. Цяпер некаторыя тэхасцы патрабуюць дазволіць насіць зброю ўнутры школаў і цэркваў.

Калі абмежаваць права грамадзянаў на нашэньне зброі,то гэта не дазволіць пазьбегнуць трагедыяў. Але калі больш жыхароў Тэхасу будуць мець пры сабе зброю, то заўсёды будзе шанец, што нехта застрэліць тэрарыста перад тым, як ён заб’е шмат людзей – заявіў галоўны пракурор Тэхасу Кен Пакстан (Ken Paxton). Салідарна з пракурорам выказаўся і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Gazeta Wyboorcza/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт