Улады ЗША забаранілі дзяржустановам купляць праграмы Kaspersky Lab
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alaksandar  Papko
                        
                        12.07.2017 19:39
                    
                                 
                
                
                    Крэмль: абвінавачаньне расейскага вытворцы антывірусаў у працы на ФСБ – неабгрунтаванае.
                
                
                    
                         pixabay.com/Public Domain/CC0
pixabay.com/Public Domain/CC0 
                     
                
                
                
               
                
                         Расея заяўляе, што рашэньне ЗША выдаліць Kaspersky Lab са сьпісу фірмаў, якія маюць права пастаўляць праграмы для амэрыканскай дзяржаўнай адміністрацыі, носіць палітычны характар. Такі крок улады ЗША зрабілі пасьля таго, як спэцслужбы заявілі, што праграмы фірмы Касьперскага дапамагаюць крамлёўскім хакерам атрымаць доступ да амэрыканскіх кампутарных сетак.
Kaspersky Lab – гэта адзін з самых буйных у сьвеце вытворцаў антывіруснага й антыхакерскага праграмнага забесьпячэньня. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў у сераду, што Kaspersky Lab – гэта поўнасьцю прыватная фірма й аказвае толькі камэрцыйныя паслугі. Пры гэтым ён зазначыў, што расейскія ўлады будуць абараняць інтарэсы расейскіх фірмаў за мяжой.
Расьследаваньнем магчымых сувязяў Kaspersky Lab з Крамлём і расейскімі спэцслужбамі займалася ФБР. Гэтая тэма абмяркоўвалася і ў Сэнаце ЗША. Інфармагенцтва Bloomberg у апублікаваным у аўторак артыкуле паведаміла, што фірма Касьперскага рэалізавала праект для Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Дырэктар фірмы Яўген Касьперскі абверг абвінаывачаньні ў супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі, назваўшы іх «неабгрунтаванымі тэорыямі змовы» й «поўнай лухтой».
IAR/ап