На сьвеце нараджаецца ўсё больш жанчын. Вайны ня будзе?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.05.2017 13:52
Зьмяншаецца дыспрапорцыя паміж колькасьцю нованароджаных дзяўчынак і хлопчыкаў на сьвеце.
www.pixabay.com
Апошнія дэмаграфічныя дадзеныя паказваюць, што зьмяншаецца дыспрапорцыя паміж колькасьцю нованароджаных дзяўчынак і хлопчыкаў на сьвеце – чытаем у выданьні «Polityka».
Згодна правам прыроды, на 100 дзяўчынак павінна прыходзіцца ў сярэднім 105 хлопчыкаў у Эўропе ды Азіі і 103 у Афрыцы. Тым часам, згодна апошнім дадзеным, у Кітаі на 100 дзяўчынак нараджаецца 119 хлопцаў, у Індыі – 109. У гэтай апошняй краіне назіраецца недахоп 45 мільёнаў жанчын, паколькі яны або не нарадзіліся, або памерлі ў вельмі маладым узросьце з-за дрэннай апекі. Тым ня менш, нідзе на сьвеце статыстыка не пагоршылася, а нават паляпшаецца. У Кітаі, дзе заўсёды цаніліся хлопчыкі, асабліва ў часы палітыкі аднаго дзіцяці ў сям’і, цяпер, па статыстыцы, нараджаецца на трое хлопчыкаў менш, чым раней. Гэта шмат.
Мяняецца сытуацыя жанчын – яны часта перасяляюцца ў вялікія гарады, далёка ад сваіх фэрмэрскіх сем’яў, дзе па традыцыі больш цэняцца асобы мужчынскага полу.
Найбольшыя зьмены назіраюцца ў Паўднёвай Карэі. Яшчэ ў 90-ыя гады тут нараджалася 116 хлопчыкаў на 100 дзяўчынак, нават існавала забарона інфармаваць будучых бацькоў пра пол дзіцяці. А цяпер у статыстыках толькі 105 хлопчыкаў на сотню дзяўчынак. Паявілася нават адваротная тэндэнцыя – людзі з большай радасьцю ўспрымаюць навіну пра тое, што ў іх будзе дзяўчынка, чым калі даведваюцца, што народзіцца хлопчык.
Polityka/нг