Logo Polskiego Radia
Print

Нямецкія гарады ўводзяць забарону на рух старых дызэльных аўтамабіляў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 05.04.2017 12:17
Плянуецца ўвесьці абавязак разьмяшчаць на аўтамабілях значок з узроўнем выкіду аксыду азоту.
Photo: pixabay.com/CC0

Нямецкая асацыяцыя гарадоў і муніцыпалітэтаў патрабуе ўвядзеньня поўнай забароны на ўезд у гарадзкія цэнтры аўтамабіляў з дызэльнымі рухавікамі, якія не адпавядаюць экалягічнаму стандарту Euro 6. Асацыяцыя разам зь нямецкімі прыродаахоўнымі арганізацыямі хоча ўвесьці абавязак разьмяшчаць на кожным аўтамабілі сінюю налепку з пазначаным узроўнем выкіду аксыду азоту.

Без такіх налепак машынам ня будзе дазволена ўяжджаць у цэнтр усіх нямецкіх гарадоў. Пакуль што няма канкрэтных рашэньняў, але плянуецца, што блакітная налепка будзе абавязковай таксама й для замежных аўто.

Нямецкія гарады змагаюцца са смогам. Вялікімі забруджвальнікамі зьяўляюцца аўтамабілі з дызэльнымі рухавікамі, асабліва старыя. У цяперашні час у Бэрліне, Мюнхэне й Гамбургу дзейнічаюць законы, якія забараняюць доступ у так званыя экалягічныя зоны аўтамабілям з высокім узроўнем выкідаў шкодных газаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт