Logo Polskiego Radia
Print

Ватыкан: вокладка „Charlie Hebdo” абражае вернікаў усіх канфэсій

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.01.2016 12:13
У гадавіны нападу ісламістаў на рэдакцыю ў кіёсках зьявіўся спэцыяльны выпуск часопіса.
Photo: Petit_louis/flickr.com/Commercial use allowed

Газэта Ватыкану „L’Osservatore Romano” жорстка раскрытыкавала „юбілейную” вокладку „Charlie Hebdo”, на якой намаляваны Бог з аўтаматам. Паводле газэты, карыкатура на вокладцы часопіса „абражае прадстаўнікоў усіх рэлігій”.

Паводле газэты, гэтая карыкатура ўвасабляе „сумны парадокс” нашага сьвету, які „да недарэчнасьці” дамагаецца паліткарэктнасьці, адначасова выяўляючы непавагу да веры. Пра гэта паведамляе іншая італьянская газэта „La Stampa”.

У сераду, 6 студзеня, з нагоды гадавіны нападу ісламістаў на рэдакцыю парыскага сатырычнага штотыднёвіка „Charlie Hebdo”, у кіёсках зьявіўся „юбілейны” выпуск часопісу, на вокладцы якога намаляваны барадаты мужчына, пад якім разумеецца Бог, з аўтаматам Калашнікава.

Малюнак суправаджаецца подпісам „Год пасьля: кілер усё яшчэ на свабодзе”. Штотыднёвік выйшаў накладам у 1 мільён асобнікаў.

Нагадаем, 7 студзеня летась тэрарысты напалі на рэдакцыю „Charlie Hebdo”. У выніку нападу былі забітыя 12 чалавек і яшчэ 10 атрымалі раненьні. 9 забітых былі супрацоўнікамі рэдакцыі выданьня.

Напад быў зьдзейсьнены ісламістамі, якія помсьцілі журналістам за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт