Суд выдаў ордэр на арышт дзейнага прэзыдэнта Гватэмалы
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
03.09.2015 09:56
Ота Перэс Маліна падазраецца ў карупцыі і крадзяжы буйных грошай, зьвязаных з працай мытных службаў.
У Гватэмале суд выдаў ордэр на арышт дзейнага прэзыдэнта краіны Ота Перэса Маліна, падазраванага ва ўдзеле ў карупцыйнай схеме працы мытні.
Малін аспрэчваў абвінавачваньні ў свой адрас і неаднаразова заяўляў, што ня мае дачыненьня да карупцыі на мытні. 21 жніўня па аналягічным абвінавачваньні была затрыманая Раксана Бальдэці, якая займала пасаду віцэ-прэзыдэнта.
Прэзыдэнт меў імунітэт ад судовага перасьледу, аднак 1 верасьня дэпутаты Кангрэса аднагалосна пастанавілі пазбавіць яго судовай недатыкальнасьці. Яму было забаронена пакідаць краіну.
Калі Перэс пойдзе за краты, ён страціць пасаду, і ўсе абавязкі возьме на сябе віцэ-прэзыдэнт Алехандра Мальдонада.
Нягледзячы на няспынныя на працягу некалькіх месяцаў пратэсты, прэзыдэнт, які таксама зьяўляецца кіраўніком ураду, не сышоў у адстаўку. Нядаўна яго прэс-сакратар заявіў аднак, што Ота Перэс Маліна "мае павагу да закона і мае намер аддаць сябе пад суд грамадзкай думкі".
І яшчэ цікавіна: у жніўні 2013 года прэзыдэнт Ота Перэс Маліна заявіў, што Ісус Хрыстос зьяўляецца Панам Гватэмалы.
64-гадовы Ота Перэс Маліна быў абраны прэзыдэнтам у 2011 годзе ад Патрыятычнай партыі. Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў краіне адбудуцца ў нядзелю, 6 верасьня. Перэс, у адпаведнасьці з канстытуцыяй Гватэмалы, пераабірацца ня можа. Перадача ўлады наступнаму кіраўніку дзяржавы павінна адбыцца ў студзені 2016 года.
яс