Масква выпала зь дзясяткі самых дарагіх гарадоў сьвету
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
17.06.2015 19:51
У тройку самых дарагіх гарадоў увайшлі Люанда, Ганконг і Цюрых.
wikipedia.com
У сувязі з паслабленьнем рубля і ўплывам заходніх санкцый на эканоміку Расеі Масква перамясьцілася на 50-е месца ў рэйтынгу самых дарагіх гарадоў сьвету.
У мінулым годзе расейская сталіца займала 9-е месца, два гады таму – другі радок рэйтынгу.
Пры складаньні рэйтынгу за эталён прымаецца ўзровень жыцьця й цэн у Нью-Ёрку й параўноўваецца з коштам нерухомасьці, транспарту, харчаваньня, вопраткі й правядзеньня вольнага часу з больш чым 200 гарадамі на пяці кантынэнтах.
І так, у тройку самых дарагіх гарадоў увайшлі Люанда (сталіца Анголы), Ганконг (Кітай) і Цюрых (Швэйцарыя). Для прыкладу, кошт арэнды кватэры з двумя спальнямі ў Люандзе складае ў месяц 6800 даляраў, а кошт пары джынсаў – каля 250 даляраў (для параўнаньня: у Нью-Ёрку аналягічныя джынсы каштуюць у два разы меней).
У пяцёрку трапілі Сынгапур і Жэнэва (Швэйцарыя), а ў дзясятку ўвайшлі Шанхай (Кітай), Пэкін (Кітай), Сэул (Паўднёвая Карэя), Бэрн (Швэйцарыя) і Нджамэна (Чад).