«Паўднёвы паток» запрацуе напрыканцы 2015
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
10.02.2014 16:32
Першая нітка газаправоду «Паўднёвы паток» будзе запушчаная напрыканцы 2015 года.
Пра гэта заявіў прадстаўнік Расеі пры Эўрапейскім Зьвязе Ўладзімір Чыжоў у інтэрвію агенцтву РИА Новости. Ён дадаў, што пагадненьні аб будаўніцтве трубаправоду, заключаныя з асобнымі дзяржавамі ЭЗ, ня могуць быць адмененыя.
Асноўнай перашкодай для нармальнай працы газаправоду зьяўляюцца нормы трэцяга энэргапакету Эўразьвязу, які патрабуе падзяляць здабычу і збыт газу. Мяркуецца, што гэтыя нормы ахопяць «Паўднёвы паток» адразу пасьля яго адкрыцьця.
Цяпер Расея і ЭЗ абмяркоўваюць магчымасьць зрабіць для «Паўднёвага патоку» выключэньне ад нормаў трэцяга энэргапакету. Краіны Эўропы, якія заключылі дамовы з «Газпромам» аб будаўніцтве трубаправоду і транзыце газу (Аўстрыя, Балгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Славэнія), ужо перадалі Эўракамісіі паўнамоцтвы на перамовы па гэтым пытаньні.
Будова «Паўднёвага патоку» пачалася ў сьнежні 2012 года ў Анапе. Акрамя Расеі, працы таксама вядуцца ў Балгарыі і Сэрбіі. Поўная магутнасьць газаправоду складзе 63 мільярды кубамэтраў паліва ў год.
Падводны ўчастак «Паўднёвага патоку» пройдзе па дне Чорнага мора і злучыць Расею з Балгарыяй. Затым трубаправод падзеліцца на дзьве галіны; адна пойдзе праз Сэрбію і Вугоршчыну ў Аўстрыю, а другая - праз Грэцыю на поўдзень Італіі.
эб/ria.ru