Logo Polskiego Radia
Print

ЭП заняўся турмамі ЦРУ ў Эўропе

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 26.03.2012 16:03
Польскае сьледзтва па справе тайных турмаў ЦРУ вядзецца з 2008 году.

На слуханьнях у справе тайных турмаў ЦРУ ня будзе прадстаўнікоў польскага ўраду, інфармуе „Rzeczposplita”. Слуханьні па выніках праведзеных сьледзтваў у справе дзейнасьці тайных турмаў амэрыканскай выведкі на тэрыторыі Румуніі, Польшчы й Летувы ладзіць у аўторак Камісія грамадзянскіх свабодаў, справядлівасьці і ўнутраных справаў Эўрапарлямэнту. Як даведалася штодзёнка, нягледзячы на атрыманае запрашэньне, на слуханьні не зьбіраецца Генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт, што можа дрэнным чынам паўплываць на імідж Польшчы. На слуханьнях будзе прысутнічаць толькі прадстаўнік Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека. Слуханьні пройдуць з мэтаю праверкі, ці эўрапейскія краіны, якім прадстаўлены абвінавачаньні ў тым, што яны далі дазвол на існаваньне на іх тэрыторыях тайных турмаў ЦРУ, дзе адбываліся катаваньні вязьняў, перавезеных пазьней у „Гуантанама”, правялі адпаведныя сьледзтвы з мэтаю высьвятленьня справы.

Польскае сьледзтва па справе тайных турмаў ЦРУ вядзецца з 2008 году. Двое ісламскіх тэрарыстаў, якія цяпер знаходзяцца ў „Гуантанама”, маюць у гэтым сьледзтве статус пакрыўджаных. Абодва заяўляюць, што былі ў турме на тэрыторыі Польшчы.

Прэс-сакратар польскага генпракурора Матэвуш Мартынюк заяўляе, што сьледзтва мае надзвычай сакрэтны характар, таму пракурор ня бачыць магчымасьці выступу на адкрытым паседжаньні. На паседжаньні ня будзе таксама прадстаўнікоў румынскага ўраду. Пра румынскую турму распавядзе журналіст нямецкай тэлевізіі ARD.

Тайная турма ЦРУ быццам бы існавала ў Польшчы ад сьнежня 2002 па верасень 2003 году. Гэтую тэзу пацьвярджае інфармацыя, якую Хэльсінскай фундацыі ўдалося атрымаць у Польскім агенцтве паветранага флёта й Памежнай службе адносна трасаў пасадкі амэрыканскіх вайсковых самалётаў на вайсковым лётнішчы ў Шыманах на Мазурах. Пра гэта гаворыцца таксама ў рапарце генэральнага інспэктара ЦРУ, піша „Rzeczpospolita”.

кр

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт