Logo Polskiego Radia
Print

Акупаемасьць працы польскіх садаводаў невялікая

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.07.2019 16:59
У польскіх садаводаў пастаянна зьяўляюцца новыя праблемы.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Польшчы найбольш гектараў садоў у Эўропе, але акупаемасьць працы садаводаў невялікая.

Польскія садаводы не застрахаваныя ад магчымага стыхійнага няшчасьця (напрыклад, ад замаразкаў), толькі 12 адсоткаў маюць страхоўку. Акрамя гэтага, садаводаў прымушаюць прадаваць плёны па вельмі нізкай цане. Кошт яблыкаў у траўні гэтага году на оптавым рынку паменшаў на 66 адсоткаў у параўнаньні з мінулым годам і гэта нягледзячы на тое, што сёлета ўраджай будзе на многа горшы, чым летась. Праблемы польскіх садаводаў камэнтуе экспэрт часопіса «Polityka» Адам Гжэшак.

Адам Гжэшак: Сапраўды, садаводзтва зьяўляецца польскай спэцыяльнасьцю. Істотнае значэньне мае аб’яднаньне гэтага сэктара. Вядома ж, што адзінкавы садоўнік ня можа дасягнуць посьпеху, ня можа наладжваць буйныя кантракты і абараняць свае правы. Садоўнікі наракаюць, што на оптавых складах за яблыкі даюць скандальна мала грошай. Пасадзіць сад не праблема – праз некалькі гадоў можна зьбіраць плён, але патрэбныя садаводы, якія ўмеюць прафэсійна займацца садаводзтвам. Ёсьць у Польшчы шмат складоў для захоўваньня яблык. У нас ужо ліпень, а мы можам купіць яблыкі з мінулага году. Яблыкаў у Польшчы празьмерна многа, бо летась быў вялікі ўраджай. Гэтыя яблыкі не згубілі якасьці. І гэта добра, аднак узьнікае пытаньне, у якой ступені дзяржава можа аказаць падтрымку гэтай галіне. Напрыклад, улады кажуць пра павышэньне падатку ПДВ на яблычны сок. Гэта будзе вялікі ўдар па гэтым сэктары.

У сувязі з леташнім ураджаем, польскія садоўнікі сталі перарабляць яблыкі на сок. Экспарт польскага згушчанага соку вырас на 150%.

Садоўнікі чакаюць, што ўрад дапаможа ўвесьці сталыя кантрактныя цэны на садавіну, якіх будуць прытрымлівацца оптавыя склады. Польшча найбольш яблыкаў прадае ў Беларусь, Нямеччыну і Эгіпет. Усім вядомай таямніцай зьяўляецца тое, што частка яблыкаў нелегальным шляхам трапляе ў Расею. А ў СМІ часта зьяўляецца інфармацыя аб тым, што службы РФ выявілі нелегальны імпарт польскіх яблыкаў і зьнішчаюць іх тонамі.

Расейскае эмбарга на польскія яблыкі, уведзенае некалькі гадоў таму, насуперак меркаваньням, не прывялі да скарачэньня плошчы садоў у Польшчы. Да эмбарга было іх 143 тысячы гектараў, цяпер на 20 тысяч гектараў больш. Польскія садоўнікі ўводзяць новыя гатункі, якія запатрабаваныя на захадзе.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт