Беларусы ўдзельнічаюць у сьвяткаваньні 450-годзьдзя Люблінскай уніі
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
30.06.2019 15:11
30 чэрвеня ў Любліне праходзіць сустрэча кіраўнікоў краін Усходняй Эўропы.
Літоўская плошча ў ЛюблінеФота: pixabay.com
1 ліпеня спаўняецца 450-годзьдзе Люблінскай уніі, якая прывяла да аб’яднаньня ў адну дзяржаву Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага. У сувязі з гэтым 30 чэрвеня ў Любліне праходзіць сустрэча кіраўнікоў парлямэнтаў краін Усходняй Эўропы. Гэта адно зь мерапрыемстваў да 450-годзьдзя Люблінскай уніі.
Станіслаў Карчэўскі, сьпікер Сэната Польшчы, адзначыў: «Гэта важная сустрэча, неабходная для таго, каб мы абмеркавалі нашу гісторыю, наша мінулае, а таксама будучыню».
У сустрэчы прымаюць удзел сьпікеры Сэйма і Сэната Рэспублікі Польшча, прэм'ер-міністар Рэспублікі Польшча, старшыня Сэйма Літвы, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі і госьці зь Літвы, Беларусі, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі і Вугоршчыны.
Урачыстасьці пачаліся з імшы ў люблінскім катэдральным касьцёле а 10 гадзіне. Пасьля набажэнства госьці ўсклалі кветкі да помніка Люблінскай уніі на Літоўскай плошчы. Затым у Цэнтры сустрэчы культур адбылося пасяджэньне парлямэнцкай асамблеі Польшчы і Літвы. Тут жа прайшла дыскусія «450-годзьдзе Люблінскай уніі. Эўрапейскае значэньне спадчыны Люблінскай уніі для сучасных нацый і дзяржаў».
Таксама адбылася прэзэнтацыя памятнай паштовай маркі да 450-годзьдзя Люблінскай уніі.
Урачыстасьці завершыць канцэрт, на якім выступяць калектывы з Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Беларусі.
IAR/вк