Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначаюць Міжнародны дзень прапаўшых дзяцей

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.05.2019 16:28
Некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у адмысловых вучэньнях па пошуку дзяцей.
Foto: PAP/Krzysztof Świderski

Гэта быў адзін з элемэнтаў сьвяткаваньня Міжнароднага дня прапаўшых дзяцей.

Кожны год у Польшчы зьнікае каля 20 тысяч чалавек, зь іх некалькі тысяч – гэта дзеці.

Падчас вучэньняў на вайсковым палігоне Чырвоны Бор пад Замбравам адбылося сымуляцыя пошукавай апэрацыі ў буйным маштабе. У першую чаргу арганізатары зьвярталі ўвагу на тое, як скаардынаваць працу штабу ды двухсот чалавек, якія займаліся пошукамі на месцы, як выкарыстоўваюць для пошуку спэцыяльныя прылады, у тым ліку мабільныя прыкладаньні, каб пошукі былі эфэктыўнымі.

Паліцэйскія зазначылі, што сёньняшні дзень скіраваны на тое, каб узгадаць пра тых дзецях, якіх не змаглі знайсьці. Такіх выпадкаў мала, але службы не забываюцца пра іх. Тым больш, што новыя тэхнічныя магчымасьці часам дазваляюць пасьпяхова завершыць расьсьледаваньне справаў з мінулых гадоў.

Таксама падчас вучэньняў паліцыя праводзіла навучаньне дзяцей, як ім трэба паводзіцца, калі яны згубіліся ў грамадзкім месцы. Лепш за ўсё, каб дзіця засталося на тым дзе згубілася, і папрасіла дапамогі ў прадаўцоў у краме, ахоўнікаў ці паліцыянтаў. Бацькі ў Польшчы ў выпадку страты дзіцяці могуць зьвяртацца ў паліцыю ў любы момант, незалежна ад таго колькі часу прайшло з моманту зьнікненьня дзіцяці.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт