Logo Polskiego Radia
Print

Польшча гатовая дапамагчы ў аднаўленьні сабора Нотр-Дам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2019 14:11
Польскі ўрад прапануе фінансавую дапамогу ды адпраўку спэцыялістаў-рэстаўратараў.
Foto: EPA/IAN LANGSDON Dostawca: PAP/EPA

Польшча гатовая дапамагчы ў рэканструкцыі сабора Нотр-Дам, часткова разбуранага ў выніку пажару. «Гэта наша эўрапейская хрысьціянская спадчына, падмурак Эўропы», – заявіў кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі. «Мы гатовыя, але ўсё залежыць ад францускіх уладаў», – дадаў прэм'ер.

Кіраўнік кабінэта прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі паведаміў, што падчас пажару ў саборы Нотр-Дам былі ўратаваныя польскія рэліквіі – копія іконы Чанстахоўскай Божай Маці ды рэліквіі Яна Паўла II. Яны знаходзіліся ў саборы Нотр-Дам з 1 сьнежня 2018 года.

Пра гатоўнасьць Польшчы дапамагчы ў аднаўленьні парыскай катэдры казаў міністар культуры Пётр Глінскі. Польшча можа падтрымаць Францыю ў рэканструкцыі сабору Нотр-Дам ня толькі ў фінансавым пляне, але і працай нашых рэстаўратараў, заявіў міністар. У дадатак да фінансавых рэсурсаў, Польшча, перш за ўсё, мае веды, вялікія традыцыі, калі гаворка ідзе пра польскую школу захаваньня гістарычных помнікаў. Цяпер мы гатовыя прапанаваць такую дапамогу Францыі, – сказаў чыноўнік.

Намесьнік міністра замежных спраў Конрад Шыманьскі лічыць, што эўрапейцы павінны сумесна аднавіць сабор Нотр-Дам у Парыжы. Гэтая сьвятыня зьяўляецца духоўным цэнтрам Эўропы, перакананы дыплямат.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт