Некаторыя вучні паўтараюць кляс, каб не трапіць пад рэформу
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.02.2019 16:08
Сёлета ў сярэднія школы Польшчы будзе ўдвая больш кандыдатаў, чым раней.
pixabay.com/Public Domain CC0
У Польшчы праходзіць рэформа адукацыі. Гэты год – апошні, калі ёсьць яшчэ гімназіі (трэці кляс), праз год ужо гімназій ня будзе, у сярэднія школы будуць ісьці выпускнікі восьмых клясаў пачатковай школы. «Dziennik Gazeta Prawna» нагадвае, што сёлета ў сярэднія школы будзе ўдвая больш кандыдатаў, чым раней, паколькі ідуць як вучні восьмых клясаў, так і трэціх клясаў гімназій. Частка бацькоў, імкнучыся абараніць дзяцей ад вялікай канкурэнцыі, просіць дырэктара школы пакінуць дзіця на другі год у клясе.
Дырэктары школ прызнаюць, што ў іх ёсьць вучні, якія паўтараюць кляс па просьбе бацькоў. Паводле дадзеных мінадукацыі, на дадзены момант сёмы кляс паўтарае 6 тыс. вучняў. Для параўнаньня: у чацьвёртых, пятых і шостых клясах год паўтарае прыкладна па 2 тыс. школьнікаў.
Частковым вырашэньнем праблемы зьяўляецца перанос вучня ў грамадзкую школу пасьля сёмага клясу. Зноў у сёмы кляс, але з новымі настаўнікамі і новымі аднаклясьнікамі. Дарэчы, для дырэктара такой школы гэта праблема, паколькі ў адзін кляс ходзяць вучні з рознымі ведамі і ў розным узросьце. Таксама на думку актывісткі з руху «Бацькі супраць рэформы адукацыі» Дароты Лабоды, гэта дрэнная ідэя. Лепш, каб дзіця пайшло ў крыху горшы ліцэй, чым паўтарала кляс.
Dziennik Gazeta Prawna/нг