100 гадоў таму ў Польшчы пачаў працу Заканадаўчы Сэйм
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.02.2019 09:16
Заканадаўчы Сэйм атрымаў заданьне, якое перавышала магчымасьці звычайнага парлямэнту.
pixabay.com/Public Domain CC0
Роўна сто гадоў таму, 10 лютага 1919 году, у Варшаве пачалося першае паседжаньне гэтак званага Заканадаўчага сэйму. Выбары ў першы парлямэнт Польшчы пасьля вяртаньня краіне незалежнасьці адбыліся на падставе дэкрэтаў, выдадзеных галавой дзяржавы Юзэфам Пілсудскім.
Згодна прынятым правілам, выбары былі ўсеагульныя, роўныя, непасрэдныя і тайныя. Права галасаваньня атрымалі ўсе грамадзяне, якім споўніўся 21 год. Варта зьвярнуць увагу, што Польшча была адной зь першых краін у Эўропе, дзе жанчыны атрымалі выбарчыя правы.
Заканадаўчы Сэйм атрымаў заданьне, якое перавышала магчымасьці звычайнага парлямэнту. Нельга забываць, што польская дзяржава складалася тады зь некалькіх тэрыторый, якія раней належалі розным дзяржавам, неабходна было поўнасьцю ўніфікаваць чатыры кодэксы права, адміністрацыю, валюту. 17 сакавіка 1921 году Заканадаўчы Сэйм выканаў сваю важнейшую задачу – прыняў Канстытуцыю. Зрабіў гэта ў вельмі складаных умовах пастаянных бітваў за межы дзяржавы і пры вялізных унутраных праблемах.
Заканадаўчы Сэйм правёў 342 пленарныя паседжаньні, прыняў 547 законаў. Яго тэрмін паўнамоцтваў закончыўся ў лістападзе 1922 году, калі былі праведзеныя парлямэнцкія выбары.
ПР/нг