Logo Polskiego Radia
Print

Польскі ўрад анансуе праграму “Чыстае паветра”

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.10.2018 16:18
Яна ахопіць мільёны сем'яў і хатніх гаспадарак у Польшчы.
Foto: PAP/Artur Reszko

Прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў падчас сустрэчы з жыхарамі мястэчка Сувалкі, што ўрад пачынае праграму «Чыстае паветра», якая ахопіць ад 4 да 5 мільёнаў хатніх гаспадарак. Праграма прадугледжвае замену абагравальных сыстэмаў у дамах на больш сучасныя ў спалучэньні з тэрмамадэрнізацыяй дамоў (уцяпленьне ды замена вокнаў).

Кіраўнік польскага ўрада зазначыў, што ў рамках праграмы таксама будзе праходзіць падлучэньне хатніх гаспадарак да газавай сеткі. За гэты кампанэнт адказвае Міністэрства энэргетыкі. Польскі прэмʼер заявіў, што мінімум 10% польскіх гмін будуць газыфікаваныя. Кіраўнік урада падкрэсьліў, што гэта будзе мець уплыў на паляпшэньне якасьці паветра.

Матэвуш Маравецкі таксама абвясьціў, што Польшча павялічыць здабычу свайго прыроднага газу ў Карпацкіх гарах. Прэмʼер падкрэсьліў, што гэта акажа станоўчы ўплыў на эканоміку. Кожны мільярд кубамэтраў газу – гэта адзін мільярд злотых. «Гэта будзе адзін мільярд злотых для Польшчы, а не для расейцаў, якія выкарыстоўваюць іх для розных мэтаў», – сказаў Матэвуш Маравецкі.

Прэмʼер-міністар Польшчы дадаў, што ягоныя папярэднікі цягам 8 гадоў скарачалі здабычу польскага газу ў Карпацкіх гарах. Цяперашні ўрад плянуе цягам бліжэйшых чатырох гадоў павялічыць здабычу газу на 30%. Цяпер у Польшчы здабываецца 1,3 мільярды кубамэтраў газу ў год.

Праграма «Чыстае паветра» мае бюджэт у памеры 103 мільярды злотых, яна разьлічана на 12 гадоў.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт