Палякі стаяць у чэргах па пашпарты
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
13.07.2018 13:11
Чарга па пашпарт у Польшчы доўжыцца два-тры тыдні.
foto: mswia.gov.pl
За першае паўгодзьдзе 2018 года ў Польшчы выдалі амаль мільён пашпартоў. Бо палякі сталі часьцей выяжджаць за граніцу — падарожнічаць, працаваць, да сваякоў.
Гэты бум зьвязаны з тым, шгто многія грамадзяне трымалі пашпарты ў шуфлядах. А потым аказалася, што яны пратэрмінаваныя. І ўзьнікла патрэба пільна зрабіць новыя.
Калі быць дакладным, то ў першай палове гэтага года было выдадзена 977 тысяч пашпартоў. Гэта на 42% больш, чым у 2015-м. Такія даныя апублікавала МУС Польшчы.
У Польшчы выдача пашпартоў характарызуецца сэзоннасьцю. Так, часьцей за ўсё — у два з паловай раза, чым звычайна — грамадзяне зьвяртаюцца па новы дакумэнт з траўня да жніўня — у пэрыяд водпускаў і канікул.
Самы часты на выдачу пашпартоў месяц — ліпень: тады ў сярэднім па дакумэнт прыходзіць 171 тысяча чалавек (паводле даных за 2012-2017 гады), а ў сьнежні “попыт” меншы — у сярэднім 62 тысячы чалавек.
Але толькі ў гэтым чэрвені было выдадзена 215 тысяч пашпартоў.
Пра што гэта можа сьведчыць?
Экспэрты лічаць, што расьце заможнасьць палякаў, а разам з гэтым і мабільнасьць. Напрыклад, псыхоляг прафэсар Януш Чапіньскі лічыць, што многія палякі робяць сабе пашпарт на ўсялякі выпадак, напрыклад, калі ўдасца атрымаць працу за граніцай.
Каб атрымаць новы пашпарт, трэба падаць заяву. Прычым, у любым пашпартным стале, незалежна ад месца прапіскі. МУС Польшчы паведамляе, што дакумэнт павінен быць выдадзены не пазьней як праз 30 дзён пасьля падачы заявы. Звычайна ж новы дакумэнт чакаюць два-тры тыдні. Зь мінулага года дзейнічае новая паслуга: можна атрымаць інфармацыю аб вырабе пашпарта на тэлефон або электронную пошту.
Rzeczpospolita/вк