Logo Polskiego Radia
Print

У Кракаве ў выхадныя ўпершыню праходзіць Сьвята абаранка

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 26.05.2018 11:34
Гэтым пачастункам любіў паласавацца яшчэ кароль Ягайла.
КракаўКракаўФота: pixabay.com

У гэтыя выхадныя ў Кракаве ўпершыню праходзіць сьвята абаранка — печыва, якое на працягу некалькіх соцень гадоў вырабляецца пад Вавэлем. У суботу і нядзелю можна пакаштаваць розныя гатункі абаранкаў і навучыцца самім іх рабіць.

Па-польску гэты прадукт называецца амаль так сама, як і па-беларуску — obwarzanek. Майстры выпяканьня абаранкаў зьбіраюцца на Шчапаньскім пляцы і на Плянтах у старой частцы Кракава.

Намесьнік прэзыдэнта Кракава Анджай Куліг падкрэсьліў, што абаранак “зьяўляецца сымбалем нашага гораду і культавым элемэнтам кракаўскай кулінарыі. Мы хочам паказаць, як яго можна выкарыстоўваць — ня толькі як прысмакі, якія хутка зьядаюць у дарозе на працу або ў школу, але таксама як важны складальнік дамашняй кухні. Абаранак варты пашаны, і мы хочам, каб усе ў краіне памяталі пра тое, што калі ядуць абаранак, то каштуюць штосьці, што было выпечана ў Кракаве і непарыўна зьвязана з нашым горадам”.

Падлічана: штодня ў Кракаве прадаюць больш за 100 тысяч абаранкаў.

Сёлетняе сьвята ў Кракаве зьвязана з прывілеямі, якія надаў кракаўскім пекарам кароль Ян Ольбрахт: 26 траўня 1496 году ён надзяліў іх выключным правам пячы абаранкі. Вядома, што абаранкі былі на стале караля польскага і найвышэйшага князя літоўскага Ўладыслава Ягайлы.

У гэтыя выхадныя ў Кракаве можна пакаштаваць і іншыя стравы, якія лічацца традыцыйнымі ў Малой Польшчы і прызнаюцца такімі Эўрапейскай Камісіяй і Міністэрствам сельскай гаспадаркі і разьвіцьця вёскі.

З 2010 году абаранак знаходзіцца ў сьпісе прадуктаў ЭЗ, якія ахоўваюцца як спэцыфічныя прадукты пэўнага рэгіёну.

Дарэчы, “сталіцай” абаранкаў у Беларусі па традыцыі лічацца Смургоні.

Pap.pl/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт