Logo Polskiego Radia
Print

Гарадзкія ўлады Вільні заказалі польскія тралейбусы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.09.2017 16:44
Кампанія Solaris паставіць у Літву больш за 40 тралейбусаў.
commons.wikimedia.org/By I.Blu - Praca własna, CC0

У будучым годзе на вуліцах Вільні зьявіцца 41 новы тралейбус польскай фірмы Solaris Bus&Coach. Улады літоўскай сталіцы паведамілі, што кошт кантракту складае 19 мільёнаў 153 тысячы эўра.

Гэта ўжо ня першая падобная дамоўленасьць з польскім вытворцам: на вуліцах літоўскай сталіцы тралейбусы Solaris зьявіліся яшчэ ў 2004 годзе. Зараз іх у горадзе 45 адзінак.

Замоўленaя тэхніка – гэта тралейбусы апошняй нізкападлогавай мадэлі, – паведаміў Польскаму радыё саветнік мэра Вільні Аляксандрас Зюбраковас. Ён дадаў, што Solaris Bus&Coach была адзіным удзельнікам тэндэру. Гарадзкія ўлады не атрымалі ніякіх заўвагаў, якія маглі б стаць перашкодай для зьдзелкі, таму ў бліжэйшы час будзе падпісаны кантракт з вытворцам. Салёны тралейбусаў абсталяваныя кандыцыянэрам, Wi-Fi-мадэмамі і USB-портамі для зарадкі мабільных прылад.

Першую партыю польскай тэхнікі Вільня атрымае летам наступнага году. Рэшта закупленых машынаў паступіць восеньню. Адзначым, што ўсяго па літоўскай сталіцы езьдзіць больш за 310 тралейбусаў, якія абслугоўваюць 21 гарадзкую лінію.

Польская фірма таксама ўдзельнічае ў тэндэры на пастаўку 150 новых гарадзкіх аўтобусаў для Вільні. Чакаецца, што яго вынікі будуць абвешчаныя да канца верасьня.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт