Logo Polskiego Radia
Print

Цукерня, створаная беларускай сям’ёй, стала найлепшай у Паморскім ваяводзтве

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.09.2017 13:28
  • Цукерня, створаная беларускай сям’ёй, стала найлепшай у Паморскім ваяводзтве.mp3
Тыдзень таму кандытарская Le Délice, створаная сям’ёй Даўжэўскіх, ужо атрымала тытул цукерні году ў Гданьску.
Кандытарская Le Délice ў Гданьску. Фота сям'і Даўжэўскіх.Кандытарская Le Délice ў Гданьску. Фота сям'і Даўжэўскіх.Фота сям'і Даўжэўскіх.

Створаная беларускай сям’ёй Даўжэўскіх кандытарская Le Délice, якая тыдзень таму была названая найлепшай цукерняй Гданьска, цяпер перамагла ў конкурсе на найлепшую кандытарскую рэгіёна. Вынікі галасаваньня ў Паморскім ваяводзтве Польшчы апублікавала газэта Dziennik Bałtycki.

За цукерню Le Délice аддалі свае галасы больш за 1200 чалавек. Гэтую кандытарскую ў цэнтры Гданьска адчынілі два гады таму Вольга й Зьміцер Даўжэўскія, якія разам з трыма дзецьмі пераехалі ў Польшчу зь Менску. Le Délice частуе гасьцей шакаляднымі тортамі й фруктовымі пірожнымі ў францускім стылі, а таксама беларускім зэфірам уласнай вытворчасьці.

У мінулым годзе сям’я Даўжэўскіх прыняла ўдзел у агульнапольскім конкурсе кандытараў Sweet Expo, а ў гэтым годзе вырашыла пазмагацца за тытулы найлепшай кандытарскай Гданьска й Паморскага ваяводзтва.

Зьміцер
Зьміцер Даўжэўскі, Вольга Даўжэўская і вядомая польская сьпявачка Сарса Маркевіч (пасярэдзіне).

Перамога ў рэгіянальным конкурсе паслужыць добрай рэклямай іх сямейнаму бізнэсу – спадзяецца ўласьніца кандытарскай Le Délice Вольга Даўжэўская.

Вольга Даўжэўская: Напрыканцы гэтага месяца адбудзецца ўрачыстасьць, на якой мы атрымаем дыплёмы кандытарскай году ў Гданьску і кандытарскай году ў ваяводзтве. Dziennik Bałtycki будзе нас рэклямаваць як лепшую цукерню. Нас пазнаюць больш людзей.

Пасьля таго, як кандытарская Le Délice перамагла ў конкурсе на званьне найлепшай у Гданьску, яе значна часьцей сталі наведваць турысты, у тым ліку турысты зь Беларусі – адзначае Вольга Даўжэўская. Сям’я беларускіх кандытараў хацела б удзельнічаць у нацыянальных і міжнародных конкурсах. Аднак удзельнічаць у маштабных спаборніцтвах ім пакуль перашкаджае недахоп працоўных рук. Усе прысмакі ў цукерні робяцца высілкамі ўсяго двух людзей – Вольгі ды яе мужа Зьмітра.

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт