Беларуская гаворка на Падляшшы зьнікае…
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
12.03.2017 08:17
У пачатковай школе ў мястэчку Орля беларускую мову вучыць 45% вучняў. 10 гадоў таму іх было 62%.
www.gants.by
Пачынаючы з 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя неверагодна хуткімі тэмпамі ў Падляшшы зьнікаюць дыялекты беларускай мовы – так званая «свая гаворка». Яе ўжо практычна не чутно нават у гміне Орля, дзе пераважная большасьць жыхароў называюць сябе беларусамі, а дарожныя ўказальнікі пішуцца на дзьвюх мовах. Прычыны зьнікненьня «сваёй гаворкі» высьвятляе аўтар выданьня беларусаў Падляшша Czasopis Міхал Мінцэвіч.
Цяпер у пачатковай школе ў мястэчку Орля беларускую мову вучаць 45% вучняў. 10 гадоў таму іх было 62%. Як тлумачыць дырэктарка мясцовага дому культуры, «простую мову» не шануюць перш заўсё бацькі вучняў. Яны саромеюцца сваёй гаворкі, лічаць яе ўсяго толькі вясковым дыялектам, а не скарбам культуры, якія мае шматвяковую гісторыю.
Маладыя людзі хутка пераходзяць на польскую мову. Нават людзі старэйшага пакаленьня, якія яшчэ добра размаўляюць на дыялектах беларускай мовы, у кантактах з дзецьмі і ўнукамі ўжо вымушаныя пераходзіць на польскую. Пераход на польскую мову ў населеных беларусамі вёсках пачаўся больш за 50 гадоў таму – піша Міхал Мінцэвіч.Публіцыст запытаўся ў жанчынаў старэйшага пакаленьня, на якой мове яны прызнаваліся сваім мужчынам у каханьні. Аказалася, што на польскай. На пытаньне, чаму не на сваёй роднай, жанчыны адказвалі: «Бо па-свойму неяк недарэчна».
Зьнікаюць ня толькі гаворкі, зьнікаюць і мясцовыя традыцыі – з сумам канстатуе Міхал Мінцэвіч. Людзі, якія нарадзіліся і вырасьлі ў вёсцы, якая размаўляла на «гаворцы» цяпер апынуліся нібыта ў іншай краіне. Тыя, ж хто перайшоў на польскую мову, чуюць гаворку ў снах. Мова, на якой чалавек размаўляў у дзяцінстве, нікуды не сыходзіць, яна глыбока запісана ў мозгу чалавека – піша аўтар Czasopisu.
Czasopis/ап