У Польшчы створаць дакладную 3D-мадэль Калоскай царквы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alena  Vialichka
                        
                        13.11.2016 08:12
                    
                                 
                
                    
                
                
                    Праект па ахове культурных помнікаў за мяжой фінансавала Міністэрства культуры Польшчы.
                
                
                    
                         photo: kalozha.by
photo: kalozha.by
                     
                
                
                
               
                
                         Польскія спэцыялісты сфатаграфавалі ў Калоскай царкве кожны мілімэтар і плянуюць стварыць да канца года 3D-мадэль гістарычнага помніка. Макет зьявіцца ў сеціве на сайце kolozha.by.
Як паведамляе рэгіянальная газэта «Вечерний Гродно», група вучоных з Польшчы зрабіла вымярэньні ўсіх паверхняў Каложы звонку й знутры самым сучасным на сёньня мэтадам — фотаграмэтрыяй.
Праект па ахове культурных помнікаў за мяжой фінансавала Міністэрства культуры Польшчы.
Дакладнасьць вымярэньняў — менш за мілімэтар. Былі таксама зафіксаваныя ўсе пашкоджаньні. Дадаткова спэцыялісты сфатаграфавалі кожны сантымэтар царквы спэцыяльным прыборам.
З дапамогай гэтых здымкаў да канца года плянуецца стварэньне трохмернай мадэлі храма. Вынікі гэтых вымярэньняў стануць асновай для любых аднаўленчых прац. Яны не дазволяць парушыць арыгінальныя памеры храма.
Калі ў працэсе штосьці разбурыцца, то мадэль дапаможа дакладна ўзнавіць страчаны фрагмэнт. Акрамя таго, аб’ёмная даставерная ілюстрацыя царквы дапаможа завабіць турыстаў і падкрэсьліць прэстыж гістарычнага помніка.
catholic.by/ав