Logo Polskiego Radia
Print

Польскі малы бізнэс на мушцы ў хакераў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.10.2016 13:45
За пяць гад вырасла колькасьць хакерскіх нападаў на кампутэрныя сыстэмы малога і сярэдняга бізнэсу.
Photo: GlowimagesPhoto: Glowimages

У 2015 годзе спробы крадзяжу дадзеных з прадпрыемстваў згаданага сэктару склалі 42% ад усіх атак заблякаваных фірмай Symantec. У 2011 годзе такіх атак было толькі 18%.

Рост зацікаўленасьці хакераў малымі й сярэднімі прадпрыемствамі тлумачыцца меншымі бюджэтамі на кампутэрную бясьпекі з боку такіх кампаній. Як правіла, яны не маюць дастатковых рэсурсаў для абароны сваёй сэрвэрнай інфраструктуры і абароны ад спаму, - перакананыя экспэрты.

Кібэр-атакі на згаданы сэктар скіраваныя на выкраданьне пэрсанальных дадзеных ды сакрэтнай інфармацыі фірм. Хакеры, як правіла, ладзяць напады праз высылку інфіцыраваных электронных лістоў, да якіх далучаныя файлы з вірусам пад выглядам заказаў з кур'ерскіх кампаній, фальшывых рахункаў і т.п..

Разам з тым малы бізнэс пачынае разумець небясьпеку кібэр-пагроз. З дадзеных кампаніі Symantec вынікае, што летась колькасьць фірм, якія заінвэставалі ў павышэньне кампутэрнай інфармаванасьці супрацоўнікаў, павялічылася на 55% у параўнаньні з 2014 годам.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт