Дзясяткі тысяч палякаў выйшлі на пратэст супраць поўнай забароны абортаў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
04.10.2016 07:08
Па інфармацыі ўладаў Варшавы, у цэнтры горада, нягледзячы на даждлівае надвор'е, сабраліся каля 30 тысяч чалавек.
WarszawaФото: PAP/Rafał Guz
У паняделак у Польшчы прайшоў агульнанацыянальны страйк жанчын у рамках так званага "чорнага пратэсту» супраць магчымай поўнай забароны і крыміналізацыі абортаў.
Гаворка ідзе пра грамадзянскі законапраект, які трапіў на разгляд у Сэйм, і які цалкам забараняе спыненьне цяжарнасьці. Сэйм накіраваў законапраект на дапрацоўку.
У рамках акцыі ў дзень пратэсту жанчыны апраналіся ў чорнае, а таксама не пайшлі на працу, карыстаючыся правам ўзяць дзень водпуску па ўласным жаданьні. Жанчын таксама падтрымалі мужчыны. Пратэсты прайшлі ў Кракаве, Уроцлаве, Гданьску, Беластоку, Шчэціне, Познані і многіх іншых гарадах.
Па інфармацыі уладаў Варшавы, у цэнтры горада, нягледзячы на даждлівае надвор'е, сабраліся каля 30 тысяч чалавек.
Паводле ацэнак арганізатараў, ва Ўроцлаве на пратэст выйшлі 20 тыс. чалавек.
Акрамя таго, пратэсты прайшлі ў эўрапейскіх гарадах, напрыклад, у Парыжы, Брусэлі, Бэрліне, Дубліне.
У той жа час, па ўсёй краіне таксама прайшлі імшы і малітвы за людзей, якія прымаюць рашэньне ў Польшчы адносна аховы чалавечага жыцьця. Арганізатары малітваў заклікалі прыходзіць на імшу ў белай вопратцы.
Пратэсты супраць забароны абортаў у Польшчы працягваюцца ўжо больш за тыдзень - з часу, калі Сэйм Польшчы прагаласаваў у першым чытаньні за законапраект аб поўнай забароне абортаў і ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за іх зьдзяйсьненьне.
яс