У Польшчу прыедуць дадатковыя жаўнеры NATO
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
05.09.2014 17:54
Альянс вышле ў краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы каля 2,5 тысячаў жаўнераў.
fot. PAP/Bartłomiej Zborowski
У Польшчу прыедуць некалькі соцень жаўнераў NATO. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі на саміце альянсу ў брытанскім горадзе Ньюпорт. Альянс разьмесьціць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе каля 2,5 тысячаў жаўнераў сілаў хуткага рэагаваньня. Частка зь іх папоўніць склад Міжнароднага корпусу “Паўночны Ўсход”, які разьмяшчаецца ў польскім горадзе Шчэцін.
Акрамя таго, на саміце ў Ньюпорце кіраўнікі дзяржаў NATO вырашылі стварыць сілы неадкладнага рэагаваньня. Пакуль палітычныя лідары не прынялі рашэньня, дзе размесьцяць гэтыя вайсковыя часткі. Як адзін з верагодных варыянтаў разглядаецца Польшча.
Сілы неадкладнага рэагаваньня NATO будуць налічваць 4-5 тысячаў жаўнераў. Разьмесьцяцца яны ва ўсходніх краінах Альянсу. У выпадку пагрозы, яны павінныя быць гатовыя да дзеяньняў на працягу 2-5 дзён.
IAR/ап