Больш за 4 млд. даляраў заплаціла KGHM за чылійскую шахту
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.08.2014 15:29
Шахта Сьера Горда будзе вырабляць каля 120 тысяч тон медзі ў год.
KGHM's Sierra Gorda mine Photo courtesy: KGHM press materials
KGHM's Sierra Gorda mine Photo courtesy: KGHM press materials
Кошт ўводу ў эксплюатацыю чылійскай шахты Сьера Горда абыйшоўся польскай кампаніі па вытворчасьці медзі „KGHM Polska Miedź SA” у 4 мільярды 156 мільёнаў даляраў. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі паведаміў генэральны дырэктар KGHM Гербэрт Вірт.
30 ліпеня 2014 году польская кампанія па вытворчасьці медзі пачала распрацоўку месцанараджэньня медзі ў Сьера-Горда. Плянуецца, што пасьля пачатковага пэрыяду, які завершыцца на пачатку 2015 году, прадпрыемства будзе штогод вырабляць каля 120 тысяч тон медзі, 50 мільёнаў фунтаў малібдэна й 60 тысячаў унцый золата. Дадзеныя тычацца першых гадоў эксплюатацыі.
Старшыня кампаніі не хацеў аднак паведаміць пра пляны адносна здабычы ў бягучым годзе. Ён тлумачыць, што шахта пакуль вызначае свае вытворчыя магчымасьці.
Нагадаем, на пачатку году кампанія KGHM ацэньвала, што вытворчасьць медзі чылійскага радовішча можа скласьці каля 70 тысячаў тонаў. Некалькімі месяцамі пазьней першапачатковыя ацэнкі былі паніжаныя да 50 тысячаў тон.
Паводле кіраўніцтва кампаніі, прагназуемы сярэдні гадавы аб'ём вытворчасьці на працягу 20-ці гадоў эксплюатацыі шахты павінен скласьці каля 220 тысяч тон медзі, 25 мільёнаў фунтаў малібдэна, 64 тысячы ўнцый золата.
Шахта Сьера Горда зьяўляецца часткай сумеснага прадпрыемства, акцыянэрамі якога зьяўляюцца дачэрная кампанія „KGHM International” (55% акцый), японская кампанія „Sumitomo Metal Mining” (31,5% ды „Sumitomo Corporation” (13,5%).
аз