Польшчу прызналі вінаватай у арганізацыі нелегальных турмаў ЦРУ
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
24.07.2014 17:45
Двум былым вязьням Варшава выплаціць па 100 тысячаў эўра.
Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў саўдзел Польшчы ў арганізацыі нелегальных турмаў ЦРУ й катаваньні вязьняў. На пачатку 2000-х гадоў ЗША выкарыстоўвалі тэрыторыю Польшчы ды іншых краінаў Эўропы для допытаў і транспарціроўкі вязьняў, якіх амэрыканцы абвінавачвалі ў тэрарызьме.
Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу разгледзеў скаргі палестынца Абу Зубайды й жыхара Саудаўскай Аравіі Абд аль-Рахіма аль-Нашырыя, якіх утрымлівалі й катавалі ў тайнай турме ЦРУ ў Польшчы. Турма знаходзілася ў цэнтры падрыхтоўкі польскай выведкі на поўначы краіны.
Суд аб’явіў, што Варшава парушыла 6 артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека, у тым ліку права на справядлівы суд, права на годнае абыходжаньне, права на неўмяшальніцтва ў прыватнае жыцьцё.
Абодва былыя вязьні павінныя атрымаць ад польскага ўраду кампэнсацыі па 100 тысячаў эўра.
IAR/ап